Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 41—2. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм — тыпы станоўчых біятычных узаемаадносін

Мутуалізм

Мутуалізм (ад лац. mutuus — узаемны) — узаемавыгадны тып узаемаадносін, калі або адзін з відаў, або абодва не могуць існаваць асобна. Пры парушэнні гэтых узаемаадносін іх жыццё становіцца немагчымым. Класічны прыклад мутуалізму — лішайнікі, якія ўяўляюць сабой цеснае ўзаемадзеянне грыба і водарасці. У свабодным стане лішайнікавыя грыбы практычна не сустракаюцца ў прыродзе. Большасць жа відаў водарасцей, якія ўваходзяць у склад лішайнікаў, сустракаецца і ў свабодным стане. Гіфы грыба, аплятаючы клеткі і ніткі водарасцей, утвараюць спецыяльныя вырасты, якія пранікаюць унутр клетак водарасцей. Праз іх грыб атрымлівае арганічныя рэчывы, сінтэзаваныя водарасцямі. У сваю чаргу водарасці атрымліваюць з гіфаў грыба ваду і мінеральныя рэчывы. Аналагічнае ўзаемадзеянне назіраецца ў шапачкавых грыбоў і дрэвавых раслін, якія ўтвараюць мікарызу (грыбакорань).

У мнагаклетачных жывёл і раслін вельмі шырока распаўсюджаны мутуалізм з мікраарганізмамі. Добра вядомы прыклад мутуалізму — траваедныя капытныя і цэлюлозалітычныя бактэрыі, якія жывуць у іх страўніку. Яны выпрацоўваюць ферменты, што расшчапляюць цэлюлозу, таму неабходны для траваедных жывёл, у якіх такія ферменты адсутнічаюць. Траваедныя капытныя са свайго боку даюць бактэрыям пажыўныя рэчывы і асяроддзе пражывання з аптымальнымі тэмпературай і вільготнасцю.

Прыкладам мутуалізму могуць служыць узаемаадносіны бабовых раслін з клубеньчыкавымі бактэрыямі, якія фіксуюць малекулярны азот паветра. Бактэрыі-азотфіксатары выяўлены на каранях каля 200 відаў пакрытанасенных і голанасенных раслін. Часам мутуалізм з мікраарганізмамі заходзіць так далёка, што калоніі бактэрый можна разглядаць у якасці спецыялізаваных органаў мнагаклетачных. Напрыклад, у каракаціц і некаторых кальмараў бактэрыі, якія свецяцца, уваходзяць у склад органаў свячэння — фотафораў.

!  Гэта цікава

Акрамя адмоўных і станоўчных узаемаадносін, у экалогіі вылучаюць нейтральны тып узаемаадносін. Нейтралізм — гэта такая форма біятычных адносін, пры якой два віды жывуць на адной тэрыторыі і не звязаны адзін з адным непасрэдна, але залежаць ад стану згуртавання ў цэлым. Напрыклад, вавёркі і ласі, жывучы ў адным лесе, практычна не кантактуюць адно з адным. Аднак прыгнечанне лесу працяглай засухай або масавым размнажэннем шкоднікаў адбіваецца на кожным з гэтых відаў, хоць і ў рознай ступені. Адносіны па тыпе нейтралізму асабліва развіты ў насычаных відамі згуртаваннях, якія ўключаюць розныя па экалагічнай спецыялізацыі віды. Напрыклад, розныя віды антылоп у саванах Афрыкі ядуць расліны розных ярусаў і таму ніяк не ўплываюць адзін на адзін, хоць усё з’яўляюцца раслінаеднымі. Жырафавая газэль корміцца лістамі дрэў, гну — лістамі хмызнякоў, куду — нізкай травой.

Біятычныя ўзаемаадносіны маюць вялікае экалагічнае значэнне. Каменсалізм, протакааперацыя і мутуалізм забяспечваюць максімальнае выкарыстанне харчовых рэсурсаў і асяроддзя пражывання. Узаемавыгадныя ўзаемаадносіны спрыяюць лепшаму выжыванню відаў, іх размнажэнню, а значыць, падтрыманню відавой разнастайнасці біяцэнозу.

Паўторым галоўнае. Узаемаадносіны, пры якіх віды павялічваюць сваю колькасць, умоўна называюцца станоўчымі. Да іх належаць каменсалізм (нахлебніцтва, кватаранцтва), протакааперацыя і мутуалізм. Па меры развіцця біяцэнозу іх роля ўзрастае. Гэтыя ўзаемаадносіны забяспечваюць максімальнае выкарыстанне харчовых рэсурсаў і асяроддзя пражывання, што спрыяе выжыванню відаў і захаванню відавой разнастайнасці. Ва ўстойлівым біяцэнозе назіраецца ўзаемаўраўнаважанне адмоўных і станоўчых узаемаадносін і, як следства, падтрымліваецца яго адносная стабільнасць.