*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін
Драпежніцтва
Драпежніцтва — тып узаемаадносін, пры якім арганізм аднаго віду (драпежнік) ловіць, забівае і з’ядае арганізмы іншага віду (ахвяру). Адным з відаў драпежніцтва з’яўляецца канібалізм, калі арганізмы аднаго віду з'ядаюць адзін аднаго. Ён сустракаецца, напрыклад, у пацукоў. Калі ж у якасці ахвяры выступаюць расліны, то гэтыя ўзаемаадносіны называюць раслінаеднасцю.
Прыкладамі драпежніцтва з’яўляюцца: з’яданне стракозамі і павукамі мух, матылькоў, камароў; выкарыстанне насякомаеднымі раслінамі насякомых у якасці корму; паляванне ваўкоў, соў, лісіц на зайцаў і мышападобных грызуноў; з'яданне тыграмі, леапардамі казуль, аленяў.
З роляй драпежніцтва ў рэгуляцыі колькасці драпежніка і ахвяры вы пазнаёміліся пры вывучэнні раздзела «Від і папуляцыя». Неразумнае ўмяшанне ва ўзаемаадносіны драпежніка і ахвяры часта прыносіць шкоду прыродзе і чалавеку.