Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 41—1. Канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм — тыпы адмоўных біятычных узаемаадносін

Класіфікацыя тыпаў узаемаадносін

Класіфікацыі біятычных узаемаадносін будуюцца на аснове розных прынцыпаў. Адным з папулярных падыходаў з’яўляецца прапанаваная амерыканскім эколагам Ю. Одумам адзнака магчымага выніку кантактаў двух відаў. Для кожнага з відаў вынік можа ацэньвацца як станоўчы, як адмоўны ці як нейтральны. Паводле гэтай класіфікацыі, любыя ўзаемаадносіны паміж арганізмамі можна апісаць з дапамогай спалучэння двух сімвалаў, якія паказваюць яго вынік для відаў, што ўзаемадзейнічаюць. Знак нуль («0») азначае нейтральны вынік, гэта значыць адсутнасць прыметных для віду наступстваў дадзеных узаемаадносін. Станоўчы для віду вынік ад узаемадзеяння з арганізмамі іншага віду абазначаецца сімвалам «+», а адмоўны ўплыў — сімвалам «–». Выкарыстоўваючы гэтыя сімвалы, характарыстыку найбольш распаўсюджаных у экасістэме тыпаў узаемаадносін арганізмаў розных відаў можна паказаць у выглядзе табліцы.

Табліца. Класіфікацыя біятычных узаемаадносін

Тып
узаемаадносін

Від А 

Від Б 

Характарыстыка ўзаемадзеяння 

Канкурэнцыя

 

 

Прамое і непрамое прыгнечанне абодвух відаў пры дэфіцыце агульнага рэсурсу

Драпежніцтва

+

Від А (драпежнік) атрымлівае карысць, а від Б (ахвяра) нясе страты 

Паразітызм

+

Від А (паразіт) атрымлівае карысць, а від Б (гаспадар) прыгнятаецца

Каменсалізм

+

0

Від А атрымлівае карысць, а для віду Б гэта ўзаемадзеянне абыякавае

Протакааперацыя

+

+

Узаемадзеянне спрыяльнае для абодвух відаў, але не абавязковае

Мутуалізм

+

+

Узаемадзеянне спрыяльнае для абодвух відаў і абавязковае хоць бы для аднаго з іх

Узаемаадносіны, якія прыводзяць да зніжэння колькасці хоць бы од-нага з відаў, умоўна называюцца адмоўнымі. Да іх належаць канкурэнцыя, драпежніцтва і паразітызм. А ўзаемаадносіны, пры якіх абодва віды ці адзін з іх павялічваюць сваю колькасць, не прыгнятаючы іншага віду, умоўна называюцца станоўчымі. Да іх належаць каменсалізм, протакааперацыя, мутуалізм. З пункту гледжання экалогіі паняцце «адмоўныя» ці «станоўчыя» ўзаемаадносіны не азначае «дрэнныя» ці «добрыя». Гэтыя паняцці паказваюць на характар змянення колькасці відаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Ва ўстойлівым біяцэнозе назіраецца ўзаемаўраўнаважванне адмоўных і станоўчых узаемаадносін і, як следства, падтрымліваецца адносная стабільнасць біялагічнай сістэмы. Разгледзім больш падрабязна ролю адмоўных узаемаадносін у біяцэнозе.