Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 40. Біяцэноз і біятоп. Сувязі арганізмаў у біяцэнозах

Сувязі папуляцый у біяцэнозах

Структура біяцэнозу падтрымліваецца ў часе і прасторы за кошт разнастайных сувязей паміж папуляцыямі. Сувязі ўзнікаюць з мэтай задавальнення пэўных патрэбнасцей адной папуляцыі за кошт іншай. У залежнасці ад характару патрэбнасцей вылучаюць чатыры тыпы сувязей: трафічныя, тапічныя, фарычныя, фабрычныя.

Трафічныя сувязі (ад грэч. trophé — ежа) — сувязі паміж папуляцыямі, у выніку якіх асобіны адной папуляцыі атрымліваюць ежу за кошт асобін іншай папуляцыі. Гэта можа адбывацца шляхам паглынання асобін, харчавання адмерлымі арганічнымі рэшткамі ці прадуктамі жыццядзейнасці асобін іншага віду. Напрыклад, жаба корміцца насякомымі, бусел — жабамі, чарвяк дажджавы — апалым лісцем.

Тапічныя сувязі (ад грэч. tópos — месца) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі выкарыстоўваюць асобін іншай папуляцыі ў якасці месцапражывання ці адчуваюць іх уплыў на сваё асяроддзе пражывання. Напрыклад, птушкі выкарыстоўваюць дрэвы і хмызнякі як месцы для гнездавання, малькі рыб знаходзяць сховішча пад парасонікам медузы, эпіфіты і ліяны выкарыстоўваюць ствалы дрэў як субстрат. У лесе высокія дрэвы пад сваім полагам могуць ствараць спрыяльныя ўмовы для ценелюбівых раслін.

Фарычныя сувязі (ад грэч. phóra — нашэнне) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі ўдзельнічаюць у рассяленні (распаўсюджванні) асобін іншай папуляцыі. Напрыклад, птушкі, якія кормяцца ягадамі брусніц, чарніц, рабіны, глогу, распаўсюджваюць насенне гэтых раслін разам з экскрэментамі. Млекакормячыя пераносяць блох, кляшчоў. Вавёркі, сойкі, запасячы арэхі і жалуды на зіму, часам губляюць іх, і тыя вясной прарастаюць.

Эвалюцыя жывёл і раслін працякала ўзаемазвязана, таму яны выпрацоўвалі прыстасаванні для фарычных сувязей. Напрыклад, стрававальныя ферменты млекакормячых і птушак не ператраўляюць насенне раслін, а наадварот, забяспечваюць ім высокую ўсходжасць. Плады і насенне некаторых раслін маюць кручкі, зачэпкі для прымацавання да шэрсці звяроў з мэтай распаўсюджвання.

Гэта цікава

Калі ў ролі распаўсюджвальнікаў насення, пладоў, спор, пылку выступаюць звяры, то такі працэс называюць заахорыяй. Насенне лопуху ці чарады можа чапляцца сваімі шыпамі за шэрсць буйных млекакормячых і пераносіцца на вялікія адлегласці. Калі жывёлы пераносяць (транспартуюць) іншых, больш дробных жывёл, — гэта фарэзія. Птушкі нярэдка на пёрах і нагах пераносяць дробных жывёл ці іх яйкі, а таксама цысты пратыстаў. Характэрнай асаблівасцю фарэзіі з’яўляецца адсутнасць паразітызму.