§ 16. Ядавітыя грыбы
Ядавітыя грыбы Беларусі
У нашай краіне сустракаюцца каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Пры ўжыванні іх у ежу першыя сімптомы атручэння могуць узнікнуць як праз некалькі мінут, так і праз некалькі гадзін. Да агульных сімптомаў атручэння грыбамі незалежна ад іх віду належаць: болі ў жываце, дыярэя, павышаная патлівасць і слінавыдзяленне, млоснасць, ваніты, недамаганне і зблытанасць свядомасці, задышка, часта рэзкае зніжэнне ціску.
Працягласць інкубацыйнага (скрытага) перыяду атручэння залежыць ад віду і колькасці ўжытых у ежу ядавітых грыбоў, а таксама ад узросту і масы цела чалавека. Напрыклад, пры атручэнні белай паганкай скрыты перыяд можа доўжыцца да 6—7 гадзін.
Сімптомы атручэння ядавітымі грыбамі, якія найбольш часта сустракаюцца ў Беларусі, пералічаны ў табліцы.
Табліца. Ядавітыя грыбы Беларусі
Грыб |
Адрозныя прыметы |
Сімптомы атручэння |
Паганка белая
|
Наяўнасць клубнепадобнага патаўшчэння каля асновы ножкі |
Пападанне ў ежу нават невялікага кавалачка грыба можа прывесці да лятальнага канца. Назіраюцца моцныя ваніты і дыярэя з крывёй, сутаргі, парушэнне функцыі нырак і печані |
Свінушка тонкая
|
Пласцінкі мяккія, разгалінаваныя, жоўта-вохрыстыя. З выгляду крыху падобны да чорнага грузда |
Непастаянныя болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя, болі ў паясніцы, алергічныя рэакцыі |
Мухамор чырвоны
|
Ножка белая з кольцам каля асновы, шапачка ярка-чырвоная, бліскучая, усеяная белымі бародаўчатымі камякамі |
Слёзацячэнне, павышанае слінавыдзяленне, звужэнне зрэнак, павышаная патлівасць, трызненне і галюцынацыі, кома |
Страчок звычайны (Guromitza esculenta)
|
Шапачка маршчыністая, карычневага або цёмна-карычневага колеру |
Мача набывае чырвоны колер, парушэнне работы селязёнкі і нырак, у цяжкіх выпадках можа развіцца кома |
Радоўка серна-жоўтая
|
Шапачка і ножка жоўтыя або зялёна-жоўтыя, мае непрыемны серавадародны пах |
Болі ў вобласці жывата, галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, ваніты, пашкоджанне нервовай сістэмы |