Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека

Кішачныя інфекцыі

Гэтыя захворванні выклікаюцца мікраарганізмамі: сальманеламі, бруцэламі, дызентэрыйнымі палачкамі, кластрыдыямі. Усе яны вылучаюць моцныя атрутныя рэчывы, якія трапляюць у кроў і разносяцца па ўсім арганізме.

Крыніцы інфекцый — хворы чалавек, а таксама мышападобныя грызуны, куры, качкі, каровы. Узбуджальнікі перадаюцца праз харчовыя прадукты: мяса, яйкі, малако. Інкубацыйны перыяд ад 6 г да 2 дзён. Сімптомы: павышэнне тэмпературы да 38—39 °С, млоснасць, шматразовыя ваніты, дыярэя. Пульс становіцца частым і слабым, артэрыяльны ціск зніжаецца, можа настаць каматозны стан (кома).

Першая дапамога хвораму заключаецца ў шматразовым прамыванні страўніка цёплай кіпячонай вадой для поўнага выдалення ежы. Пасля аказання першай дапамогі неабходна тэрмінова выклікаць урача. У цяжкіх выпадках хворага шпіталізуюць.

Прафілактыка кішачных інфекцый заключаецца ў строгім выкананні правіл гігіены, гатавання ежы, правільным захоўванні і выкарыстанні харчовых прадуктаў.