Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 15. Інфекцыйныя захворванні чалавека

Інфекцыйныя захворванні

Інфекцыйныя захворванні — гэта група захворванняў, якія выкліканы вірусамі і хваробатворнымі мікраарганізмамі, што праніклі ў чалавечы арганізм (бактэрыі, грыбы, пратысты). Да гэтай групы належаць паразітарныя захворванні, якія выклікаюцца паразітычнымі членістаногімі і гельмінтамі.

У аснову класіфікацыі інфекцыйных захворванняў пакладзены механізм перадачы ўзбуджальніка і лакалізацыя ў арганізме чалавека (гл. табл.).

Табліца. Класіфікацыя інфекцыйных (паразітарных) захворванняў

Група інфекцыйных захворванняў

Шляхі перадачы захворванняў

Інфекцыі

Кішачныя інфекцыі

Праз ежу, ваду, глебу, мух, брудныя рукі, прадметы быту

Брушны тыф, дызентэрыя, халера, харчовыя інфекцыі

Інфекцыі дыхальных шляхоў

Паветрана-кропельны або паветрана-пылавы шлях

Грып, адзёр, дыфтэрыя, шкарлятына, натуральная воспа

Крывяныя інфекцыі

Праз укусы кровасысучых насякомых (камары, кляшчы, вошы, маскіты)

Сыпны і зваротны тыф, малярыя, чума, тулярэмія, клешчавы энцэфаліт

Заанозныя інфекцыі

Праз укусы жывёл

Шаленства

Кантактава-бытавыя інфекцыі

Пры непасрэдным кантакце здаровага чалавека з хворым, праз прадметы быту і палавым шляхам

Кароста, сіфіліс, ганарэя, хламідыёз

 

Адной з асаблівасцей інфекцыйных захворванняў з’яўляецца наяўнасць часу ад моманту заражэння да з’яўлення першых прымет — інкубацыйнага перыяду. Працягласць гэтага перыяду залежыць ад спосабу заражэння і віду ўзбуджальніка і можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх гадоў (рэдка).

Асаблівасць інфекцыйных захворванняў заключаецца ў дастаткова хуткім распаўсюджванні сярод людзей. Масавае распаўсюджванне інфекцыйнага захворвання, якое значна пераўзыходзіць звычайны ўзровень захворвання, называюць эпідэміяй. Калі ж яно ахоплівае тэрыторыю цэлай дзяржавы або некалькіх краін, яго называюць пандэміяй.

*Небяспечным інфекцыйным захворваннем, якое перадаецца паветрана-кропельным шляхам, з’яўляецца адзёр. Хвароба небяспечная ўскладненнямі ў выглядзе атыту, пнеўманіі, бранхіту, энцэфаліту. Інфекцыя аслабляе імунітэт і ў асобных выпадках можа прывесці да смерці. Асабліва небяспечная хвароба для немаўлят і дзяцей малодшага ўзросту.

Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), у 2018 г. ад адру памерлі больш за 140 тыс. чалавек. Больш за ўсё выпадкаў з лятальным канцом зафіксавана ў Афрыцы — 52,6 тыс., ва Усходнім Міжземнамор’і памерла 49 тыс. чалавек, у Паўднёва-усходняй Азіі — 39,1 тыс. Большасць памерлых складаюць дзеці ва ўзросце да 5 гадоў. Адзёр можна прадухіліць з дапамогай вакцынацыі.