Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 6—1. Адаптацыі раслін да розных тэмпературных умоў асяроддзя

Экалагічныя групы раслін у адносінах да тэмпературы

Жыццядзейнасць раслін у значнай ступені залежыць ад тэмпературы навакольнага асяроддзя. Паводле патрэбнасці да колькасці цяпла іх падзяляюць на тры асноўныя экалагічныя групы: 1) цеплалюбівыя; 2) тыя, якія патрабуюць умераных тэмператур;  3) холадаўстойлівыя.

Цеплалюбівыя расліны растуць у трапічнай, субтрапічнай зонах і добра праграваемых месцазнаходжаннях умеранага пояса. У гэтых раслін выпрацаваліся адаптацыі да дзеяння адносна высокіх тэмператур (сярэднегадавая тэмпература каля +27 °С). Ва ўмераных шыротах да цеплалюбівых раслін належаць так званыя шыракалістыя дрэвавыя пароды: бук, граб, каштан, а таксама шматлікія травы з ніжніх ярусаў шыракалістых лясоў.

Расліны, якія патрабуюць умераных тэмператур, не патрабавальныя да цяпла і растуць ва ўмовах умеранага клімату. Як правіла, гэтыя расліны не маюць спецыяльных прыстасаванняў да тэмпературнага рэжыму.

Холадаўстойлівыя расліны, якія растуць у паўночных шыротах, вымушаны адаптоўвацца пераважна да нізкіх тэмператур (сярэднегадавая тэмпература каля 0 °С). Да іх належаць тундравыя і высакагорныя расліны.