§ 27-1. СССР у 1945 — першай палове 1980-х гг.: эканамічнае
1. СССР пасля вайны
З Другой сусветнай вайны СССР выйшаў звышдзяржавай. Савецкая сфера ўплыву распаўсюдзілася ад Балтыкі да Балкан. Але перамога не прынесла стомленаму народу таго, на што ён так спадзяваўся. Сталін вярнуўся да палітыкі жорсткага кантролю над грамадствам, характэрнай для даваеннага перыяду.
Савецкае кіраўніцтва прыклала вялікія намаганні для аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Як і ў 1930-я гг., асноўная ўвага надавалася развіццю сталеліцейнай, вугальнай прамысловасці і цяжкага машынабудавання, а таксама навукі, тэхналогій і ўзбраенняў. Аднаўленне вялося камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Нягледзячы на рост эканамічных паказчыкаў, пагроза ядзернага нападзення і гонка ўзбраенняў аказвалі адмоўны ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі. Эканоміка па-ранейшаму была моцна мілітарызаваная, паколькі ў СССР чакалі новай вайны. У краіне была слаба развіта вытворчасць тавараў народнага спажывання. Падтрымліваць высокія тэмпы развіцця можна было толькі за кошт вычарпання ўсіх унутраных рэсурсаў, што ў будучыні пагражала эканамічнай катастрофай.
У галіне ўнутранай палітыкі савецкае кіраўніцтва было вымушана лічыцца з тым уплывам, які аказала Вялікая Айчынная вайна на настроі і пачуцці савецкіх грамадзян. Многія з іх пабывалі за мяжой, убачылі іншы свет. У савецкіх людзей з’явілася пачуццё годнасці пераможцаў. У пасляваенны перыяд знізіўся ўзровень рэпрэсій у дачыненні да простых грамадзян, рэзка скараціліся ганенні на рэлігію, людзі сталі больш свабодна выказваць сваё меркаванне.