Печатать эту главуПечатать эту главу

*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі

5. Стварэнне Ялцінска-Патсдамскай сістэмы міжнародных адносін

На Ялцінскай (Крымскай) канферэнцыі саюзных дзяржаў 4—11 лютага 1945 г., калі савецкія войскі знаходзіліся ў 60 км ад германскай сталіцы, вырашаліся пытанні пасляваеннага ўладкавання, стварэння зон акупацыі Германіі і кіравання Берлінам — утварэння трох зон і ў будучыні французскай зоны. СССР заблакаваў рашэнне аб расчляненні Германіі на мноства дзяржаў. Пытанне аб рэпарацыях Германіі было вырашана: 20 млрд долараў, СССР — 50 %. Спачатку саюзнікі не жадалі прызнаваць прасавецкі ўрад у Польшчы (хацелі прызнаць Лонданскі ўрад у выгнанні), Югаславіі і Грэцыі. У выніку адбыўся размен Грэцыі, дзе ўсталяваўся празаходні ўрад, на Польшчу.

Захадам дэ-факта была прызнана зона ўплыву СССР ва Усходняй Еўропе. Быў зацверджаны канчатковы тэкст пагаднення па пытаннях Далёкага Усходу. Яно прадугледжвала аднаўленне пазіцый, страчаных Расійскай імперыяй пасля руска-японскай вайны, уключаючы вяртанне паўднёвай часткі Сахаліна і ўсіх прылеглых да яе астравоў (Курыльскіх).

25 красавіка — 26 чэрвеня 1945 г. у абстаноўцы вострай барацьбы прайшла Сан-Францыская канферэнцыя заснавальнікаў ААН. Вялікія цяжкасці выклікалі пытанні аб калоніях і залежных тэрыторыях, аб мэтах міжнароднай апекі. Дамовіліся, што рашэнні Савета Бяспекі становяцца абавязковымі для ўсіх дзяржаў — членаў ААН, аб праве кожнай дзяржавы «вялікай пяцёркі» накладаць «вета» на рашэнні Савета Бяспекі. Быў падпісаны Статут ААН.

У падпісаных СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй (да іх неўзабаве далучылася Францыя) на Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі (17 ліпеня — 2 жніўня 1945 г.) дакументах былі вызначаны палітычныя прынцыпы таго, што рабіць з Германіяй — дэмілітарызацыя і вынішчэнне германскага нацызму. Канчаткова дамовіліся аб межах Польшчы. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) і Усходняя Прусія сталі часткай СССР. Саюзнікі Германіі ў вайне былі прынятыя ў склад ААН.

Важнейшым вынікам Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый стала фактычнае прызнанне пераемнасці СССР у адносінах да геапалітычнага арэала Расійскай імперыі. Савецкі Саюз стаў сусветнай дзяржавай, і ніводнае важнае пытанне цяпер нельга было вырашыць без яго ўдзелу, як гэта адбылося ў Мюнхене ў 1938 г. Новая геапалітычная сітуацыя ў свеце цяпер характарызавалася супрацьстаяннем дзвюх сістэм — капіталістычнай і сацыялістычнай.

Перамога СССР, а таксама ваенныя дзеянні саюзнікаў у многіх каланіяльных уладаннях супраць краін гітлераўскай кааліцыі зрабілі моцнае ўздзеянне на афра-азіяцкі свет, садзейнічалі паскарэнню працэсу яго дэкаланізацыі.

Адным з найбольш відавочных вынікаў вайны стала і поўная дыскрэдытацыя ў вачах сусветнай грамадскасці фашысцкай, нацыянал-сацыялістычнай ідэалогіі. У пачатку 1946 г. на тэрыторыі Германіі, у горадзе Нюрнбергу, распачаўся паказальны працэс над пачынальнікамі Другой сусветнай вайны.