Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна

5. Савецкі тыл

Дзякуючы праведзенай у 1930-я гг. індустрыялізацыі Савецкі Саюз стаў буйнейшай прамысловай краінай. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны надзвычай важна было наладзіць перамяшчэнне на ўсход, у глыбокі тыл, з прыфрантавой зоны прамысловага патэнцыялу і людзей. Яшчэ ў 1939—1940 гг. на ўсходзе СССР узводзілі будынкі, куды пазней перавезлі прамысловае абсталяванне. 30 чэрвеня 1941 г. быў утвораны Дзяржаўны камітэт абароны (ГКА), створаны Савет па эвакуацыі. Асноўнымі рэгіёнамі размяшчэння эвакуіраванай прамысловасці сталі Урал, Заходняя і Усходняя Сібір, Казахстан і Сярэдняя Азія, Паволжа. Усяго было эвакуіравана звыш 10 млн чалавек, 2,5 тыс. прамысловых прадпрыемстваў.

Страта рэгіёнаў, багатых на прыродныя рэсурсы, і многіх электрастанцый прывяла да таго, што ўзровень прамысловай вытворчасці знізіўся. Аднак ужо да канца 1942 г. перавод прамысловасці на «ваенныя рэйкі» быў завершаны, пачалося павышэнне ўзроўню прамысловай вытворчасці. Маючы меншы, чым Германія, прамысловы патэнцыял, СССР у цэлым за гады вайны вырабіў амаль удвая больш ваеннай тэхнікі і ўзбраення. Гэта дасягалася крайнім напружаннем чалавечых сіл: увядзеннем 11-гадзіннага працоўнага дня і абавязковых звышурочных работ, адменай адпачынкаў. З лютага 1942 г. стала праводзіцца мабілізацыя з 14-гадовага ўзросту ў прамысловасці, затым да працы сталі прымусова прыцягваць і ў вёсцы — з 12 гадоў. У красавіку 1942 г. у СССР былі выдадзены загады аб мабілізацыі жанчын у войскі сувязі, ваенна-паветраны флот і тылавыя часці. Больш за 1 млн савецкіх жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны былі прызваны ва ўзброеныя сілы. У Германіі зімой 1943 г. таксама быў прыняты закон аб мабілізацыі жанчын, але нямецкія жанчыны служылі ўсяго толькі ў штабах, нават сярод медыцынскага персаналу былі выключна медбраты. У іншых краінах у армейскіх часцях і на мужчынскіх работах былі задзейнічаны толькі жанчыны-добраахвотніцы.

У ліпені — лістападзе 1941 г. была ўведзена картачная сістэма на хлеб і іншыя важнейшыя прадукты харчавання. Было дазволена даваць калгаснікам участкі зямлі для вядзення дапаможнай гаспадаркі. Асноўнай аграрна-сыравіннай базай краіны ў гады вайны сталі Паволжа, Урал, Сярэдняя Азія, Казахстан. Становішча ў сельскай гаспадарцы было цяжкім. Насельніцтва, церпячы вялізныя нягоды, адпраўляла на фронт пасылкі з прадуктамі харчавання.