Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 16. Краіны Захаду ў міжваенны перыяд

5. «Новы курс» Ф. Рузвельта

Спыненне заводаў прывяло ў ЗША да значнага росту беспрацоўя. Калі ў 1929 г. яно закранула 3 % амерыканцаў, то ў 1932 г. — 24 %. Масавае беспрацоўе, два нацыянальныя «галодныя паходы» і выступленне дзясяткаў тысяч ветэранаў вайны ў Вашынгтоне, якое было задушана ў чэрвені 1932 г. з дапамогай арміі, да крайнасці напалілі сацыяльна-палітычнае становішча. У гэтых умовах у лістападзе 1932 г. на выбарах у Кангрэс перамогу атрымалі дэмакраты на чале з губернатарам штата Нью-Ёрк Ф. Рузвельтам, які прапанаваў правесці рэформы, або «новы курс», для выхаду краіны з крызісу.

У сакавіку 1933 г. у ЗША быў прыняты закон аб дапамозе беспрацоўным, у адпаведнасці з якім на арганізацыю грамадскіх работ была выдаткавана вялізная сума — 3,3 млрд долараў. У маі 1933 г. набыў моц закон аб рэгуляванні сельскай гаспадаркі. Дзяржава спрабавала выратаваць аграрную вытворчасць і сацыяльную сферу з дапамогай датацыйных праграм і стварэння новых працоўных месцаў. У чэрвені быў прыняты закон аб аднаўленні прамысловасці. Узровень беспрацоўя ў ЗША паступова стаў змяншацца, зарплаты пачалі расці.

Шостага сакавіка 1933 г. Ф. Рузвельт увёў надзвычайнае становішча ў краіне, закрыў банкі і забараніў ім ажыццяўляць плацяжы або экспартаваць золата. Пятага красавіка 1933 г. ён выдаў указ аб канфіскацыі золата ў насельніцтва і арганізацый. Да 1 мая неабходна было абмяняць усё наяўнае золата на папяровыя долары па цане 20,67 долара за унцыю. З 1 мая 1933 г. за прыватнае валоданне золатам прадугледжваліся штраф у 10 тысяч долараў альбо 10 гадоў турэмнага зняволення.

30 студзеня 1934 г. у ЗША быў прыняты закон аб залатым рэзерве, чаканка залатых манет была спынена, адменены «залаты стандарт». Кошт унцыі ўзрос да 35 долараў. Была праведзена дэвальвацыя — зніжэнне курсу долара. Гэта павялічыла намінальны кошт залатых запасаў ЗША і дазволіла выпусціць 3 млрд новых папяровых долараў, што стабілізавала грашовую сістэму краіны.

Такім чынам, за 10 гадоў да ўвядзення «залатадоларавага стандарту» ў адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі 1944 г. была пачата падрыхтоўка да даларызацыі сусветнай эканомікі. Галоўнай мэтай «новага курсу» Ф. Рузвельта было не столькі аднаўленне эканомікі краіны, колькі пераўтварэнне ЗША ў адзіны эканамічны «полюс» свету, што стала магчымым толькі пры ўмове сканцэнтравання ўсяго золата ў ЗША. У снежні 1936 г. было завершана будаўніцтва сховішча ў Форт-Ноксе, аднаго з самых умацаваных і недаступных для грамадзян будынкаў у ЗША, куды перавезлі з банкаў усё золата.

Злучаныя Штаты актыўна нарошчвалі свой залаты запас за кошт золата іншых краін да 1945 г. І калі ў 1928 г. на ЗША прыпадала каля 38 % залатых рэзерваў капіталістычных краін, то ў 1936 г. гэтая доля вырасла амаль да 50 %. Да канца Другой сусветнай вайны золатасховішчы вядучых еўрапейскіх краін цалкам апусцелі, а доля ЗША ў сусветных залатых рэзервах капіталістычнага свету, па розных ацэнках, узрасла да 75—80 %.