§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
4. Дасягненні ў развіцці навукі
Паступальнае сацыяльна-эканамічнае развіццё з сярэдзіны 1990-х гг. зрабіла станоўчы ўплыў на навуковы прагрэс.
Беларускія вучоныя ўносяць істотны ўклад у развіццё эканомікі краіны. Навуковыя распрацоўкі паспяхова ўкараняюцца ў машынабудаванні, прыборабудаванні, энергетыцы, мікрабіялогіі, медыцыне і іншых галінах. У машынабудаванні, напрыклад, створаны першы ў свеце самазвал БелАЗ грузападымальнасцю 450 т, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, распрацаваны электробус «Вітаўт». У медыцыне прымяняюцца тэхналогіі лячэння з дапамогай ствалавых клетак, штучныя клапаны для сэрца, лазеры новага пакалення, прыбор для экспрэснай аптычнай дыягностыкі ракавых пухлін, новыя тэхналогіі атрымання лекаў. Для сельскай гаспадаркі навукоўцы стварылі экалагічна чыстае мікраўгнаенне «Нанаплант». Праводзяцца даследаванні па стварэнні штучнага інтэлекту, сістэм беспілотнага транспарту. Беларусь паспяхова стварае ўласную станцыю ў Антарктыдзе.
У чэрвені 2012 г. Беларусь стала касмічнай дзяржавай. З касмадрома Байканур у Казахстане быў запушчаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
Цэнтрам развіцця беларускай навукі з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Яна забяспечвае каардынацыю і правядзенне навуковых даследаванняў. У сферы навуковай і інавацыйнай дзейнасці важную ролю адыгрывае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Яго задачы — стварэнне новых інавацыйных прадпрыемстваў, якія будуць выпускаць арыентаваную на экспарт прадукцыю, укараненне і камерцыялізацыя навуковых ідэй і распрацовак.
На праведзеных І (2007) і II (2017) з’ездах навукоўцаў Беларусі былі падведзеныя вынікі папярэдняга развіцця навукі і вызначаны прыярытэты яе далейшага развіцця: рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, інфармацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне.