Print this chapterPrint this chapter

§ 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.

8. Тэатр і кіно

Пасля выгнання нацысцкіх акупантаў з тэрыторыі Беларусі з эвакуацыі вярнуліся тэатральныя калектывы. Ужо ў сезоне 1944–1945 гг. сваю дзейнасць аднавілі 12 тэатраў.

Тэатральнае мастацтва адрознівалася шырокай жанравай разнастайнасцю, распрацоўвалася ваенная, гістарычная, бытавая і іншая тэматыка. У рэпертуары вядучае месца займалі п’есы, прысвечаныя вайне: «Заложнікі» А. Кучара, «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона.

На сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР былі пастаўлены оперы беларускіх кампазітараў Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся», А. Багатырова «Надзея Дурава», «Ясны світанак» А. Туранкова пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, «Францыск Скарына» Д. Смольскага, «Зорка Венера» Ю. Семянякі аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча.

Вядомымі беларускімі артыстамі былі Г. Глебаў, Л. Ржэцкая, Б. Платонаў, С. Станюта, Г. Макарава. Шырокую вядомасць атрымалі спектаклі беларускіх тэатраў па п’есах А. Макаёнка «Трыбунал», «Лявоніха на арбіце», «Таблетку пад язык», К. Крапівы «Брама неўміручасці».

Беларускія кампазітары стваралі музычныя творы на сюжэты з еўрапейскай гісторыі і літаратуры. Я. Глебаў напісаў музыку да балетаў «Тыль Уленшпігель» і «Маленькі прынц», С. Картэс — ​оперу «Джардана Бруна».

У 1945 г. аднавіла сваю дзейнасць кінастудыя мастацкіх фільмаў «Савецкая Беларусь». У 1946 г. яна атрымала назву «Беларусьфільм». У першыя пасляваенныя гады ў асноўным выпускаліся дакументальныя фільмы і кіначасопісы. Першым буйны́м праектам стаў мастацкі фільм «Канстанцін Заслонаў».

У 1960–1980-я гг. былі створаны фільмы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» (па трылогіі І. Мележа «Палеская хроніка»), «Белыя Росы», шматсерыйны фільм «Дзяржаўная граніца» і інш. Кінастужка «Праз могілкі», знятая ў 1964 г. рэжысёрам В. Туравым, па рашэнні ЮНЕСКА ў 1994 г. была аднесена да 100 лепшых фільмаў аб вайне. У дзіцячай аўдыторыі вялікай папулярнасцю карысталіся фільмы «Апошняе лета дзяцінства», «Прыгоды Бураціна», «Па сакрэце ўсяму свету», «Пра Чырвоную Шапачку» і інш.