§ 26. Развіццё беларускай савецкай культуры ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.
2. Стан адукацыі
Да канца 1950-х гг. у БССР была адноўлена даваенная сетка агульнаадукацыйных школ. Колькасць вучняў у іх была значна меншай, што было звязана з людскімі стратамі падчас вайны. З 1949/1950 навучальнага года паступова пачала ўводзіцца абавязковая ўсеагульная 7-гадовая адукацыя, пераход да якой завяршыўся да сярэдзіны 1950-х гг. У канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. у БССР была ліквідавана непісьменнасць і малапісьменнасць дарослага насельніцтва. З 1958 г. у рэспубліцы ўводзілася 8-гадовая абавязковая адукацыя. З 1977 г. усеагульнай і абавязковай стала сярэдняя адукацыя. БССР стала рэспублікай суцэльнай пісьменнасці. У канцы 1950-х гг. былі створаны прафесійна-тэхнічныя вучылішчы (ПТВ), закліканыя рыхтаваць кваліфікаваных рабочых для розных галін народнай гаспадаркі.
Аднаўлялі сваю дзейнасць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Патрэбы народнай гаспадаркі абумовілі адкрыццё шэрагу профільных вышэйшых навучальных устаноў у абласцях БССР: Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута (1951 г.), Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі (1953 г.), Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута (1961 г.), Мінскага радыётэхнічнага інстытута (1964 г.) і інш.
Да сярэдзіны 1980-х гг. у рэспубліцы дзейнічалі 33 ВНУ, у якіх вучылася 188,6 тыс. студэнтаў. Беларусь займала другое месца пасля РСФСР па колькасці студэнтаў на 1000 жыхароў, а якасць падрыхтоўкі ў беларускіх ВНУ лічылася адной з самых высокіх у Савецкім Саюзе.