Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 24–3. Побыт і лад жыцця насельніцтва Беларусі ў XIX ст.

4. Сямейныя і рэлігійныя святы і абрады

Для сямейнага побыту характэрным было захаванне традыцый, абрадаў, звычаяў продкаў. Сямейныя звычаі і абрады аб'ядноўвалі сям'ю, служылі своеасаблівым механізмам для перадачы этнічных традыцый, маральна-этычных норм і прынцыпаў ад старэйшых да малодшых. Яны дапамагалі кожнай асобнай сям'і адзначыць такія радасныя і важныя падзеі як нараджэнне дзіцяці, вяселле, наваселле або зняць эмацыйна-псіхічнае напружанне ў выпадку смерці блізкіх людзей.

З сямейных абрадаў найбольш маляўнічым было і застаецца вяселле. Вяселле спраўлялі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ, зімой ці ранняй вясной перад пачаткам сяўбы.

Вясельныя абрады можна падзяліць на перадвясельныя: сватаўство, заручыны; выбар «сябрукоў» жаніха і «дружак» нявесты. Важным момантам напярэдадні вяселля быў абрад развітання нявесты са сваімі незамужнімі сяброўкамі («суборная субота», «дзявочнік»). Дзяўчаты рыхтавалі вясельны галаўны ўбор нявесты, упрыгожванне (знакі адрознення) для дружыны жаніха і нявесты, упрыгожвалі вясельнае дрэўца. Увесь вечар у доме гучалі песні і музыка.

Уласна, само вяселле (выпечка каравая, сустрэча дружыны маладых, звядзенне маладых, дзяленне каравая); пасляваенныя «пярэзвы». Найбольш важнымі лічылі пасад нявесты і жаніха, выкуп касы, дзяленне каравая, выплату сімвалічных выкупаў, абмен падарункамі і інш.

Вялікае месца ў сямейным побыце беларускага народа ў канцы XIX — пачатку XX ст. займалі звычаі, абрады, павер'і, звязаныя з нараджэннем дзіцяці, яго здароўем, абаронай ад злых духаў. Пасля нараджэння дзіцяці суседзі, сяброўкі, сваячкі наведвалі парадзіху з «адведкамі», віншавалі яе. У дом маці прыносілі гасцінцы, як правіла гэта былі прадукты. Па традыцыі дзіцятка хрысцілі ў царкве. Запрошаныя кумы (хросны бацька і хросная маці) неслі нованароджанага ў царкву, святар здзяйсняў Таямніцу Хросту, выбіраў яму імя і пасля гэтага перадаваў у рукі хросных бацькоў.

Пахаванне, пахавальны абрад — адзін з найважнейшых комплексаў сямейных абрадаў, што завяршалі жыццёвы цыкл. Тэрміны пахавання вызначаліся па сканчэнні трох сутак з часу скону. У хату запрашалі святара, які з моманту смерці і да пахавання чытаў над нябожчыкам малітвы. Як правіла, пахаванне заканчвалася памінкамі, для чаго рыхтавалі спецыяльныя памінальныя стравы. Памінанне памерлых ладзілася не толькі ў першы дзень пасля пахавання, але і на дзявяты і саракавы дзень. У памяць аб усіх памерлых у хрысціянскім календары ёсць асаблівыя дні, святы — бацькоўскія суботы, Дзяды, Радаўніца, — у якія яны памінаюць сваіх родных і блізкіх.

Разам з сямейнымі святамі і абрадамі ў беларускай вёсцы шанавалі і рэлігійныя — Каляды, Вялікдзень, Сёмуху і інш., а таксама святы вытворча-сельскагаспадарчага накірунку — першы выган жывёл у поле, збор ураджаю (Яблычны спас), заканчэнне мядовага сезона (Мядовы спас).

Традыцыйныя абрады, звычаі, у скарочаным выглядзе або пераасэнсаваныя, захаваліся і ў сучасных беларусаў.