Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 24–3. Побыт і лад жыцця насельніцтва Беларусі ў XIX ст.

3. Харчаванне насельніцтва

Крыніцай харчавання беларускага сялянства з'яўлялася яго гаспадарка. Таму ў рацыёне беларусаў было шмат гародніны: капусты, буракоў, морквы, рэпы, бульбы і г. д. З гародніны гатавалі капусны суп, боршч. З бульбы — клёцкі, бульбяную бабку, дранікі (бульбяныя бліны). Колькасць, якасць і разнастайнасць ежы залежалі ад узроўню матэрыяльнага дабрабыту розных слаёў вясковага насельніцтва.

Асноўным прадуктам харчавання беларускага сялянства быў хлеб. Яго ўжывалі ў будні і святы, у посныя і скаромныя дні, дома, на працы і ў дарозе. Ён быў як самастойнай стравай, так і неабходным дадаткам да ўсіх страў. Хлеб пяклі з жытняй, бульбяной мукі, але часцей за ўсё з непрасеянай з дабаўленнем розных збожжавых культур (ячмень, проса, грэчка і г. д.).

Мяса як самастойная страва на сялянскім стале з'яўлялася ў рэдкіх выпадках. Кожная сям'я ў сваёй гаспадарцы мела курэй, больш заможныя — індыкоў. Вырошчвалі качак, гусей.

Малако часцей ужывалася як заправа да розных страў. Дадавалася яно ў нязначных колькасцях і пры падачы стравы на стол.

Штодзённая ежа беларускага селяніна змянялася ў залежнасці ад пары года. Вясной пераходзілі на свежую зеляніну, варылі крапіву, шчаўе. У летняй ежы пераважалі свежая гародніна: зялёны лук, часам з квасам, вараны боб. Больш разнастайнай і багатай ежа была восенню пасля збору ўраджаю.

Незалежна ад маёмаснага становішча і пары года ў харчаванні беларускіх сялян захоўваліся адрозненні ў святочныя і звычайныя дні, у пасты і мясаеды. Абрадавыя стравы рыхтаваліся як у дні хрысціянскіх рэлігійных свят, так і ў традыцыйныя народныя святы, звязаныя з перажыткамі дахрысціянскіх вераванняў.

Састаў страў хатняга харчавання рабочых дарэвалюцыйнай Беларусі мала адрозніваўся ад сялянскага. У ім пераважалі кашы, бульбяныя стравы, мучныя вырабы. Малако і гародніну рабочыя ўжывалі радзей, чым сяляне. На прадпрыемствах сталовых звычайна не было. Рабочыя сілкаваліся ўсухамятку, нярэдка хлебам з вадой.

Усе гэтыя асаблівасці захаваліся ў побыце беларускага насельніцтва аж да 1917 г.