Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 23–2. Канфесійная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь

3. Роля і значэнне Беларускай праваслаўнай царквы, Рыма-каталіцкай царквы і іншых канфесій у суверэннай Беларусі

На сучасным этапе Беларуская праваслаўная царква, Рымска-каталіцкая царква і іншыя канфесіі адыгрываюць значную ролю ў грамадскім жыцці суверэннай Беларусі.

Пад эгідай Беларускага Экзархата дзейнічае грамадскі савет па маральнасці, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі гістарычна традыцыйных для Беларусі канфесій, навуковай і творчай інтэлігенцыі.

Пры падтрымцы дзяржаўных органаў у Мінску быў арганізаваны V Усходнеславянскі міжнародны сімпозіум даследчыкаў Новага Запавету, у якім удзельнічалі святары праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай канфесій з розных дзяржаў.

У рэгіёнах краіны пры падтрымцы мясцовых улад з 2008 г. праводзяцца мерапрыемствы духоўна-асветніцкай праграмы «Сям'я — яднанне — Айчына», распрацаванай Мінскай епархіяй БПЦ і накіраванай на забеспячэнне супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы ў такой важнай сферы, як дэмаграфічнае развіццё рэгіёнаў краіны. У рамках праграмы арганізуюцца дзясяткі мерапрыемстваў, якія зацвярджаюць хрысціянскія сямейныя і маральныя каштоўнасці, праводзяцца канцэрты, семінары, хросныя хады, круглыя сталы, спектаклі для дзяцей і тэатральныя форумы для падлеткаў, выставы-кірмашы духоўнай літаратуры, аўдыё- і відэапрадукцыі.

Беларуская праваслаўная царква рэгулярна арганізуе фестываль сучаснай хрысціянскай музыкі «Благавест», Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў.

Пад эгідай Рымска-каталіцкай царквы штогод праводзяцца міжнародныя міжканфесійныя фестывалі хрысціянскай музыкі ў Магілёве, хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці і Мінску.

Раённыя, гарадскія і абласныя выканаўчыя камітэты актыўна падтрымліваюць працу беларускіх рэлігійных арганізацый у сферы культуры.