Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 15-1. Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.

1. Грамадзянская вайна ў Расіі: прычыны, асноўныя этапы, вынікі

Стаўленне да прынятага бальшавікамі Декрэта аб міры было неадназначным як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Краіны Антанты былі супраць міру з Германіяй і вялі вайну да перамогі. Германія і яе саюзнікі, наадварот, 2 снежня 1917 г. падпісалі перамір’е і 9 снежня пачалі перамовы аб заключэнні сепаратнага міру з Расіяй. Аднак заключыць мір «без анексій і кантрыбуцый» не ўдалося.

У выніку зацягвання перамоў і пачатку новага наступлення германскіх войскаў 3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны Брэсцкі мір. Паводле мірнага дагавора Расія губляла Польшчу, Эстонію, Латвію, частку Беларусі, Карс, Ардаган, Батум. Яна абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю ў 6 млрд марак, дэмабілізаваць армію і флот. Пытанне аб значэнні Брэсцкага міру застаецца дыскусійным. Аднак, нягледзячы на зневажальныя ўмовы, Расія атрымала мірную перадышку, а бальшавікі выратавалі краіну ад поўнага разгрому.

Пытанне аб прычынах Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі таксама з’яўляецца прадметам абмеркавання. Гэта быў час, калі ішла непрымірымая барацьба за ўладу палітычных груп з прыцягненнем замежных дзяржаў, зацікаўленых у аслабленні Расіі. Ужо 10 снежня 1917 г. Англія і Францыя заключылі сакрэтнае пагадненне аб падзеле еўрапейскай часткі Расіі на «зоны дзеяння». Пазней у Сібіры і на Далёкім Усходзе былі створаны «зоны дзеяння» ЗША і Японіі.

Дзвюма асноўнымі сіламі Грамадзянскай вайны былі «чырвоныя» і «белыя». «Чырвоныя» былі прадстаўлены бальшавікамі і іх прыхільнікамі — у большасці сваёй пралетарыятам, бяднейшым сялянствам і нязначнай часткай інтэлігенцыі. «Белыя» аб’ядноўвалі ўсе антыбальшавіцкія сілы — буржуазію, афіцэрства, заможнае сялянства, казацтва, а таксама рабочых і сялян, якія пацярпелі ад савецкай улады. Акрамя таго, удзельнікамі Грамадзянскай вайны ў Расіі былі інтэрвенты — арміі краін Антанты, што ўварваліся ў Расію, нацыяналістычныя партыі і рухі, якія дабіваліся незалежнасці нярускіх тэрыторый Расійскай імперыі і стварэння нацыянальных дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Грузія), розныя ваенна-палітычныя сілы (анархісты, махноўцы, «зялёныя», басмачы і г. д.) і проста бандыцкія фарміраванні. Пярэстыя па сваім складзе антыбальшавіцкія сілы не мелі адзінага цэнтра кіравання, што дазволіла Чырвонай арміі граміць іх паасобку.

Буйным выступленнем супраць савецкай улады стаў мяцеж Чэхаславацкага корпуса, створанага ў Першую сусветную вайну ў асноўным з ліку 45 тыс. палонных чэшскіх і славацкіх салдат аўстра-венгерскай арміі, якія пагадзіліся ваяваць супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі корпус паступіў пад французскае камандаванне. Паміж савецкім урадам і легіянерамі існавала дамоўленасць аб перапраўцы корпуса ва Уладзівасток для наступнай адпраўкі ў Францыю. Канфлікты легіянераў з мясцовым насельніцтвам прымусілі савецкія ўлады аддаць загад аб раззбраенні корпуса. Тады легіянеры выступілі супраць савецкай улады. З 25 мая 1918 г. корпус пры падтрымцы Антанты і антыбальшавіцкіх сіл пачаў скідаць савецкую ўладу ў Паволжы, Сібіры, на Урале і Далёкім Усходзе.

У гэты ж час у Цэнтральнай Расіі сяляне, незадаволеныя харчовай палітыкай бальшавікоў, узнялі паўстанні. Паспяхова дзейнічала Белая добраахвотніцкая армія. У выніку да лета 1918 г. каля трох чвэртак тэрыторыі былой Расійскай імперыі знаходзілася пад кантролем антыбальшавіцкіх сіл і акупацыйных аўстра-германскіх войскаў.

У верасні 1918 г. ва Уфе быў утвораны першы антыбальшавіцкі кіруючы орган — Часовы Усерасійскі ўрад (Дырэкторыя), у якім пераважалі эсэры. Вайскоўцы лічылі, што толькі дыктатура можа выратаваць Расію. Выканаўчы орган Дырэкторыі — Усерасійскі савет міністраў — пры падтрымцы вайскоўцаў 18 лістапада зрабіў пераварот, ліквідаваў Дырэкторыю, аб’явіў сябе вышэйшым органам дзяржаўнай улады. Савет міністраў прыняў рашэнне часова перадаць уладу адной асобе з дыктатарскімі паўнамоцтвамі — Вярхоўнаму правіцелю Расіі. На гэтую пасаду быў абраны адмірал А. В. Калчак. Ён быў прызнаны кіраўніком Расійскай дзяржавы ўсім белым рухам. Яго ўлада распаўсюджвалася на Урал, Сібір і Далёкі Усход.

Не менш складанай для савецкай улады была сітуацыя ў еўрапейскай частцы краіны. У Польшчы, Прыбалтыцы, Украіне і на тэрыторыі Беларусі ўзніклі буржуазна-нацыяналістычныя ўрады, якія сталі на бок Антанты.

Краіны Антанты выкарыстоўвалі складаную сітуацыю, у якой апынулася Расія, ва ўласных інтарэсах. Раней яны прынялі рашэнне аб непрызнанні Брэсцкага дагавора і ўмяшальніцтве ва ўнутраныя справы Расіі. Яшчэ ў сакавіку — красавіку 1918 г. у Мурманску, Архангельску, Уладзівастоку пад маркай выканання «саюзніцкага доўгу» высадзіліся войскі Англіі, Францыі, ЗША і Японіі. Пасля паражэння Германіі маштабы прысутнасці краін Антанты ў Расіі ўзраслі. Замежныя дэсанты высадзіліся ў Адэсе, Крыме, Баку, Батумі. Савецкі ўрад расцаніў гэтыя дзеянні як інтэрвенцыю і заклікаў да адпору агрэсарам.

Аднак буйнамаштабная інтэрвенцыя не адбылася. Урады краін Еўропы і ЗША вымушаны былі вывесці свае войскі ў 1919—1920 гг. з-за незадаволенасці асабовага складу, для якога вайна зацягвалася, а таксама руху сваіх народаў у падтрымку рэвалюцыі ў Расіі. Толькі японскія войскі заставаліся на Далёкім Усходзе да кастрычніка 1922 г.

Чырвоная армія адбіла наступленне Калчака на ўсходнім фронце. Да пачатку 1919 г. улада Саветаў зацвердзілася на большай частцы тэрыторыі Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны.

У 1919 г. пачаўся самы цяжкі этап Грамадзянскай вайны. Інтэрвенцыя цяпер выражалася ў наступленні белагвардзейцаў пры падтрымцы армій прыгранічных дзяржаў — Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Аднак да пачатку 1920 г. калчакаўцы былі разбіты, сам адмірал арыштаваны і расстраляны па прысудзе Іркуцкага рэўкома. Рэшткі дзянікінскай арміі ўмацаваліся ў Крыме. Апошні буйны ачаг белагвардзейскага супраціўлення на паўвостраве быў ліквідаваны ў лістападзе 1920 г. Там войскі пад камандаваннем М. В. Фрунзэ авалодалі пазіцыямі белых, якія лічыліся непрыступнымі. Рэшткі Добраахвотніцкай арміі былі вымушаны ратавацца ўцёкамі на караблях.

Важнай падзеяй Грамадзянскай вайны стала вайна савецкіх рэспублік з Польшчай. Польскае кіраўніцтва на чале з Ю. Пілсудскім імкнулася да аднаўлення Польшчы ў межах 1772 г. Увесну 1919 г. польская армія ўварвалася на тэрыторыю Савецкай Беларусі і Савецкай Украіны пад маркай ліквідацыі «незаконнай» савецкай улады. Аднак у выніку чэрвеньскага контрнаступлення войскаў Заходняга фронту пад камандаваннем М. М. Тухачэўскага польскія войскі былі адкінуты ў межы Польшчы. На польскай тэрыторыі Чырвоная армія сустрэла ўпартае супраціўленне праціўніка, які атрымаў вялікую дапамогу ад Антанты. Войскі Заходняга фронту былі разбітыя пад Варшавай. Такім чынам, спроба ўсталяваць савецкую ўладу ў Польшчы скончылася няўдачай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора, падпісанага ў сакавіку 1921 г., у склад Польшчы пераходзілі тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

Грамадзянская вайна скончылася ўвосень 1922 г. пасля выгнання «белых» і японскіх войскаў з Далёкага Усходу.

Пытанне аб прычынах перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне застаецца дыскусійным. Ключавой прычынай, па ўсім відаць, стала тое, што бальшавікі атрымалі падтрымку пераважнай часткі насельніцтва Расіі — сялянства і працоўных нацыянальных ускраін. Для апошніх вялікае значэнне меў бальшавіцкі прынцып самавызначэння нацый ажно да аддзялення і ўтварэння самастойных дзяржаў. Сяляне ж выбралі найменшую з двух бед — харчразвёрстка альбо рэстаўрацыя памешчыцкага землеўладання.

Па колькасці вопытных вайскоўцаў белагвардзейцы валодалі несумненнай перавагай перад Чырвонай арміяй, асабліва на першым этапе Грамадзянскай вайны. Аднак стварэнне буйных вайсковых фарміраванняў ва ўмовах зацяжной вайны выклікала сур’ёзныя праблемы. Масавая мабілізацыя сялян прывяла да непазбежнага абвастрэння класавых супярэчнасцей у радах Белага руху, здачы ў палон, дэзерцірства і нізкай баяздольнасці «белай» арміі. У партызанскім руху ў тыле «белых» армій удзельнічала каля 300 тыс. чалавек.

Выклікалі сумненні ў насельніцтва знешняя палітыка Белага руху, яго арыентацыя на краіны Антанты. Прымаючы дапамогу ад інтэрвентаў, «белыя» заключалі з імі кабальныя палітычныя і фінансавыя дагаворы. У забеспячэнне пазык і паставак Калчак, напрыклад, перадаваў краінам Антанты залаты запас Расіі. Замежнікі за бясцэнак скуплялі аб’екты прамысловасці, вывозілі збожжа, пушніну, воўну, соль, рыбу.

Вялізнае значэнне ў забеспячэнні перамогі бальшавікоў у Грамадзянскай вайне мела прапаганда. Паўсюль адкрываліся курсы і гурткі «палітпісьменнасці», курсіравалі спецыяльныя агітцягнікі і агітпараходы, друкаваліся лістоўкі, брашуры, газеты, плакаты, запісваліся пласцінкі з выступленнямі савецкіх лідараў, здымалася кіно. Агітацыйныя тэксты і лозунгі бальшавікоў былі простыя і зразумелыя для большасці насельніцтва.

Міжнародная салідарнасць з рускай рэвалюцыяй, стварэнне ў 1919 г. Брэменскай, Баварскай, Венгерскай, Славацкай савецкіх рэспублік, а таксама Камуністычнага інтэрнацыянала сталі важнымі фактарамі, якія аслабілі ваенны націск Антанты на савецкую дзяржаву. У сваю чаргу кіруючыя колы Антанты непрыхільна ставіліся да ідэі Белага руху адрадзіць Расійскую імперыю ў межах 1917 г., да стварэння «адзінай і непадзельнай Расіі», што таксама было на руку бальшавікам.

Грамадзянская вайна мела разбуральныя вынікі для Расіі — не толькі матэрыяльныя, але і сацыяльныя. Так, адбыліся «дэкласаванне» рабочага класа, яго вяртанне ў вёску, збядненне і, наадварот, «асераднячванне» сялянства — зменшылася колькасць як кулакоў (3 %), так і беднаты, «беспасеўшчыкаў» (35 %). У баях, ад голаду і хвароб загінула каля 8 млн чалавек. Эмігравала каля 2 млн чалавек — амаль уся палітычная, фінансава-прамысловая, навукова-мастацкая (у меншай ступені) эліта дарэвалюцыйнай Расіі.