§ 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
6. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы
Кожны народ у ходзе свайго гістарычнага развіцця выпрацоўвае пэўную сістэму ўяўленняў, паняццяў, прынцыпаў фарміравання сваёй нацыянальнай супольнасці, форм свайго дзяржаўнага і эканамічнага жыцця, сваіх узаемаадносін з іншымі народамі. Гэтыя ідэі і ўяўленні заўсёды складалі і будуць складаць аснову пабудовы народам сваёй дзяржавы.
Сістэму выпрацаваных народам ідэй і ўяўленняў аб гісторыі станаўлення і развіцця сваёй дзяржаўнасці, асаблівасцях уладкавання інстытутаў дзяржаўнай улады, аб кірунках, мэтах і задачах далейшага развіцця дзяржавы, формах і спосабах яго ўзаемадзеяння з іншымі народамі з поўнай упэўненасцю можна назваць ідэалогіяй нацыянальнай дзяржаўнасці, якая акумулюе ўсё канструктыўнае, карыснае для Беларусі з вопыту мінулага і дасягненняў сучаснасці.
Характэрнымі рысамі ідэалогіі з’яўляюцца патрыятызм, адданасць Айчыне, гонар за свой народ. Ідэалогія беларускай дзяржавы заклікана ўмацаваць у народзе Беларусі стагоддзямі існуючы імунітэт супраць нацыянальнай абмежаванасці, пагарды да іншых народаў. Ідэалогія арыентавана на забеспячэнне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у сусветнай супольнасці, але не праз адасобленасць і самаізаляцыю, а праз імкненне да шматвектарнага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі свету.
Такім чынам, сучасная ідэалогія беларускай дзяржавы з’яўляецца своеасаблівай «духоўнай канстытуцыяй» краіны. Яна аб’ядноўвае грамадзян рознай этнічнай, моўнай і канфесійнай прыналежнасці і ўладныя структуры ў адзіны арганізм.
Ва ўмовах развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае пытанне афармлення агульнанацыянальнай ідэі. Беларуская агульнанацыянальная ідэя ў сучасных умовах — гэта ідэя ўзнаўлення і ўсебаковага развіцця беларускай нацыі, якая разумеецца як суверэнная супольнасць усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэтая ідэя можа быць забяспечана ператварэннем Беларусі ў моцную і квітнеючую дзяржаву шляхам яе бесперапыннага інавацыйнага абнаўлення, уключэння ў інтэграцыйныя працэсы.
Паняцце «агульнанацыянальная ідэя» лічыцца больш шырокім па змесце, чым ідэя нацыянальная. Агульнанацыянальная ідэя здольная аб’яднаць большасць грамадзян рэспублікі, стаць асновай для кансалідацыі і стабілізацыі грамадства.
Асноўнымі задачамі дзяржаўнай ідэалогіі з'яўляюцца аб'яднанне большасці грамадзян Рэспублікі, кансалідацыя і стабілізацыя грамадства.