Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

4. Нацыянальная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь

У нашай краіне створана трывалая заканадаўчая база, якая рэгламентуе нацыянальныя адносіны і заклала аснову міжнацыянальнай згоды ў Беларусі.

Асноўныя прынцыпы нацыянальнай палітыкі беларускай дзяржавы вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Беларуская дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі правоў і інтарэсаў іх прадстаўнікоў. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у краіне.

У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаванае права кожнага чалавека на захаванне сваёй нацыянальнай прыналежнасці. У артыкуле 50 гаворыцца аб тым, што ніхто не можа быць прымушаны да ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Нацыянальная прыналежнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не фіксуецца ў дакументах і не прымаецца пад увагу пры разглядзе дзелавых якасцей саіскальнікаў любой пасады ў органах дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.

Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, навучання і выхавання. Нацыянальным супольнасцям даецца права на адраджэнне нацыянальнай культуры і традыцый. У дзяржаўных навучальных і выхаваўчых установах у адпаведнасці з пажаданнямі прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей дазваляецца вывучэнне нацыянальных моў, можа ажыццяўляцца навучанне і выхаванне на гэтых мовах.

Знявага нацыянальнай годнасці ў Рэспубліцы Беларусь пераследуецца па законе.

26 студзеня 1990 г. быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які вызначаў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Пры гэтым забяспечвалася права карыстацца рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін. У маі 1995 г. на рэспубліканскім рэферэндуме 83 % грамадзян, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, выказаліся за наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай. Увесну 1998 г. былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», якія замацавалі дзеючы на сучасным этапе механізм ажыццяўлення двухмоўя ў нашай краіне.

Характэрнай рысай беларусаў з'яўляецца паважлівае стаўленне да іншых поглядаў, пазіцый, узораў культуры, імкненне да ўзаемапаважлівага суіснавання з прадстаўнікамі іншых нацый, канфесій, сацыяльных груп.

Рэспубліка Беларусь характарызуецца стабільнасцю, адсутнасцю канфліктаў на этнічнай, расавай, канфесійнай аснове. Гэта абумоўлена перш за ўсё менталітэтам насельніцтва краіны, памяркоўнасцю, традыцыйным мірным міжэтнічным узаемадзеяннем, а таксама нацыянальнай палітыкай, якая праводзіцца дзяржавай. Прадстаўнікі шматлікіх нацыянальных меншасцей займаюць высокія статусныя пазіцыі ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай структуры, культуры беларускага грамадства.

Дадзеныя шматлікіх сацыялагічных даследаванняў сведчаць аб тым, што пераважная большасць грамадзян Рэспублікі Беларусь не ўлічвае ў паўсядзённым жыцці нацыянальныя фактары, не надае ім ніякага значэння пры выбары сяброў і знаёмых, спадарожніка жыцця, на працы і ў іншых выпадках узаемадзеяння з людзьмі.