Print this chapterPrint this chapter

§ 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

3. Характарыстыкі сучаснага менталітэту беларусаў

Традыцыйнымі рысамі менталітэту беларускага народа з’яўляюцца патрыятызм, мужнасць, гуманнасць, добразычлівае стаўленне да іншых народаў.

Для сучаснага беларускага менталітэту характэрная адсутнасць пачуцця перавагі над іншымі народамі. Само жыццё навучыла беларусаў думаць пра інтарэсы грамадства ў цэлым, а не толькі пра свае ўласныя. Цярплівасць, цягавітасць і неагрэсіўнасць, свабодалюбства, адвага і рашучасць беларусаў звязаны з гістарычным мінулым нашага народа, насычаным войнамі і ваеннымі канфліктамі. Лепшыя якасці беларускага народа ярка праявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны — ​на франтах, у масавым партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі Беларусі.

Важнае значэнне маюць паважлівае стаўленне беларусаў да іншых поглядаў, пазіцый, узораў культуры, імкненне да ўзаемапаважлівага суіснавання з прадстаўнікамі іншых нацый, канфесій, сацыяльных груп і г. д.

Беларускі нацыянальны характар таксама ўключае такія рысы, як сталасць, устойлівасць, пазбяганне крайнасцей у праяўленні сваіх пачуццяў і эмоцый. Распаўсюджванне хрысціянства на нашых землях прыўнесла ў менталітэт жыхароў Беларусі новыя рысы. Хрысціянская вера паступова фарміравала ў беларусаў гуманнасць у адносінах адзін да аднаго. Яшчэ адной рысай псіхалогіі беларусаў можа лічыцца іх адносная кансерватыўнасць, якая выяўляецца ў нежаданні хуткіх і радыкальных пераўтварэнняў, змен, у схільнасці жыць па традыцыі.