§ 22–5. Нацыянальная і канфесійная палітыка ў БССР у другой палове 1940-х — 1980-я гг.
2. Характарыстыка беларускай савецкай ментальнасці
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны з’явілася новая сістэма кіравання краінай, перад народам паўсталі новыя ідэалы і задачы. Жыццё і побыт грамадзяніна паступова падпарадкоўваліся адзінай мэце — пабудове сацыялістычнай, а затым і камуністычнай будучыні. Гэтыя фактары аказалі істотны ўплыў на фарміраванне савецкай ментальнасці. Яна вельмі выразна выяўлялася ў вобразе жыцця савецкага чалавека, які ўключаў асаблівасці зносін, паводзін, складу мыслення. Калектывізму і таварыству савецкага грамадзяніна ў грамадстве надавалася асаблівае значэнне. Згуртаванасць і сяброўства адыгрывалі велізарную ролю ў шматнацыянальнай дзяржаве, што асабліва ярка праявілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як частцы адзінай савецкай сям'і беларусам таксама была ўласціва праява агульнасавецкай ментальнасці. Аднак ва ўмовах фарміравання інтэрнацыянальнага светапогляду беларусы не страцілі нацыянальнай самасвядомасці. Нават у складаных, супярэчлівых умовах савецкага часу беларусы змаглі захаваць сваю культуру, традыцыі, мову, веру.
Такім чынам, ва ўмовах савецкай грамадска-палітычнай сістэмы адбывалася далейшае развіццё беларускай нацыі. Гэты перыяд гісторыі беларускай дзяржаўнасці можна ахарактарызаваць як складаны і супярэчлівы. З аднаго боку, меліся відавочныя дасягненні ў галіне нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, з другога — пад уплывам працэсу фарміравання агульнасавецкай ментальнасці ўзмацніўся працэс размывання нацыянальнай ідэнтычнасці.