Print this chapterPrint this chapter

§ 22–4. Канфесійнае становішча ў гады Вялікай Айчыннай вайны

2. Канфесійная палітыка германскіх акупацыйных улад на тэрыторыі Беларусі

На акупаванай тэрыторыі Беларусі германскія ўлады распрацавалі сваю палітыку ў адносінах да царквы. Нямецкае кіраўніцтва вырашыла выкарыстоўваць жаданне простых людзей адкрыць храмы і аднавіць у іх набажэнствы ў сваіх інтарэсах. Пры Генеральным камісарыяце Беларусі быў створаны аддзел палітыкі, які кантраляваў дзейнасць беларускага епіскапату. Перад праваслаўнай царквой быў пастаўлены шэраг умоў: яна павінна абвясціць сябе аўтакефальнай і нацыянальнай для таго, каб атрымаць незалежнасць ад Маскоўскага Патрыярхату; царкоўнае справаводства і пропаведзі павінны весціся на беларускай мове; нямецкім уладам давалася права кантраляваць прызначэнні святароў. У адносінах акупацыйных улад да праваслаўнай царквы можна вылучыць некалькі этапаў.

З 3 жніўня 1941 г. пачаліся набажэнствы ў Пакроўскай царкве Віцебска, а затым і ў Казанскай царкве Віцебскага Маркава манастыра, 19 жніўня — у Мікалаеўскім саборы Верхнядзвінска. У пачатку снежня 1941 г. быў асвечаны прастол полацкага Сафійскага сабора. Насельніцтву прадпісвалася ўсе рэлігійныя святы адзначаць па старым стылі, у кожным доме мець іконы, насіць на шыі крыжыкі, хрысціцца перад ежай і пасля яе. Усе раней прынятыя грамадзянскія акты аб'яўляліся незаконнымі. Гэта ў першую чаргу адносілася да рэгістрацыі дзяцей, вянчанняў, смерці. Насельніцтва павінна было праводзіць іх па рэлігійных абрадах.

У 1942 г. нямецкія ўлады прымусілі пакінуты епіскапат правесці Усебеларускі царкоўны сабор. Аднак, нягледзячы на тое, што было здзейснена ў 1942 г. засваенне мітраполіяй афіцыйнага наймення «Святая Праваслаўная Аўтакефальная Беларуская Царква», іерархі, якія ўваходзілі ў яе склад, адмовіліся ажыццявіць некананічнае абвяшчэнне поўнай царкоўнай незалежнасці.

Германскія ўлады асцерагаліся патрыятычных заклікаў мітрапаліта Сергія, таму яны ўсяляк імкнуліся да ліквідацыі ўжо існуючых дакументаў месцаахоўніка і забароны распаўсюджвання яго новых зваротаў. Нават быў выдадзены загад аб арышце Сергія пры ўмове ажыццяўлення захопу Масквы. Акупацыйныя ўлады любымі спосабамі імкнуліся не дапусціць узнікнення магчымасці аб'яднання праваслаўных прыходаў пад яго кіраўніцтвам.

На акупаванай тэрыторыі Беларусі разгортвалася і каталіцкае жыццё, але гэты працэс працякаў больш складана па прычыне больш стрыманых адносін акупацыйных улад да Рымска-каталіцкай царквы, прыходы якой да пачатку вайны дзейнічалі толькі ў заходняй частцы Беларусі.

Адраджэнне каталіцызму стрымлівалася таксама тым, што ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення Беларусь увайшла ў склад розных адзінак, у сувязі з гэтым было страчана адзінае кіраўніцтва Касцёлам.

Шмат зрабіў для актывізацыі каталіцкага жыцця на акупаванай тэрыторыі Беларусі ксёндз В. Гадлеўскі, які прыбыў у верасні 1941 г. у Мінск. Спачатку ён працаваў галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі, а з 1942 г. займаўся толькі пастырскай дзейнасцю. У тым жа годзе быў закатаваны нацыстамі.

Не абышлі ўвагай германскія акупанты і пратэстанцкую канфесію. З 1941—1942 гг. у Мінскай вобласці пачалі функцыянаваць сем малітоўных дамоў евангельскіх хрысціян і баптыстаў. Увосень 1941 г. з дазволу германскіх улад пачала дзейнічаць такая група ў колькасці 40 чалавек у Віцебску. У Магілёўскай вобласці пратэстанцкія абшчыны ўзніклі ў 1942 г.