Print this chapterPrint this chapter

§ 22–3. Нацыянальная і канфесійная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі

2. Палітыка польскіх улад па паланізацыі насельніцтва Заходняй Беларусі

Да далучэння Польшчай Заходняй Беларусі тут працавалі 359 беларускіх школ, у Наваградку, Нясвіжы, Клецку, Радашковічах і Вільні дзейнічалі беларускія гімназіі, настаўніцкія семінарыі былі ў Свіслачы і Барунах.

У 1938/1939 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай навучальнай установы. Аднак і польскіх школ было недастаткова. Каля 13 % дзяцей школьнага ўзросту нідзе не вучыліся, 43 % насельніцтва ва ўзросце 10 гадоў і старэй было непісьменным.

Аднак у памяці большасці заходніх беларусаў паланізацыя ў адукацыі захавалася не ў выглядзе лічбаў статыстыкі, а ў невялікім вершыку, які са школьнай лавы «ўбівалі» беларускім, украінскім, літоўскім, яўрэйскім дзецям. Гаворка ідзе пра «Катэхізіс польскага дзіцяці», напісаны паэтам Уладзіславам Белзай у 1900 г. На пытанне настаўніка «Хто ты?» вучні, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, павінны былі адказваць: «Маленькі паляк». І далей, як падчас пераклічкі на стадыёне, ішоў завучаны дыялог: «Які твой сімвал?» — «Белы арол!» — «Дзе жывеш ты?» — «Сярод сваіх!» — «У якой краіне?» — «На польскай зямлі».

У дзяржаўных установах не дазвалялася выкарыстоўваць беларускую мову, беларусаў не бралі на дзяржаўную службу. Не было беларускіх тэатраў, закрываліся нешматлікія клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя ў папярэднія гады беларускай грамадскасцю. Забараняліся беларускія газеты і часопісы.

Законы «Аб дзяржаўнай мове і працоўнай мове ва ўрадавых установах і ўстановах самакіравання», «Аб мове ў судах, пракурорскіх і натарыяльных установах» таксама не выконваліся ў поўнай меры. Выпадкі ўжывання беларускай мовы скарачаліся шматлікімі распараджэннямі. Напрыклад, Інструкцыя аб выкананні законаў «Аб мове...» для старастаў Палескага ваяводства ад 29 студзеня 1926 г., выдадзеная на падставе рэскрыпта Міністэрства ўнутраных спраў ад 1 снежня 1925 г., дазваляла дзяржаўным чыноўнікам у адказах грамадзянам на беларускай мове ўжываць лацінку, ва ўсіх вусных адказах на звароты беларусаў — толькі польскую мову. Паводле інструкцыі дзяржаўныя пячаткі, шыльды на дзяржаўных установах і ўнутры іх маглі быць толькі на польскай мове. Усе дакументы, якія гміна або магістрат падавалі ў вышэйстаячыя ўстановы не на дзяржаўнай мове, пакідаліся без разгляду. Заявы на беларускай мове, накіраваныя ў любую дзяржаўную ўстанову, у выпадках, калі закон не прадугледжваў выкарыстання мясцовай мовы, трэба было вяртаць.

Дзеянні мясцовых польскіх улад часта былі яшчэ больш радыкальнымі. Адна з галоўных прычын — пагардлівае стаўленне мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі да беларускага насельніцтва. Многія дзяржаўныя дзеячы, міністры, ваяводы адзначалі выкананне нацыянальнай і канфесійнай палітыкі сваімі падначаленымі (павятовымі старастамі і ніжэй па чыноўніцкай лесвіцы) не ў рэчышчы дзяржаўных дырэктыў і распараджэнняў, а паводле свайго разумення сітуацыі ва ўсходніх ваяводствах. Прадстаўнікі ж мясцовай адміністрацыі, якія шмат гадоў займалі свае пасады, бачылі непаслядоўнасць дзеянняў цэнтральнай улады ў нацыянальным пытанні, назіралі частую змену чыноўнікаў, якія кіравалі і выпрацоўвалі нацыянальную палітыку, таму і адчувалі сваю беспакаранасць і ўсёдазволенасць. Яны былі фактычна і аўтарамі і выканаўцамі этнаканфесіянальнай палітыкі Польшчы ў Заходняй Беларусі.

У мэтах паланізацыі і канчатковай асіміляцыі заходнебеларускіх зямель польскі ўрад разгарнуў шырокую кампанію па засяленні «крэсаў усходніх» асаднікамі — выхадцамі з этнічных польскіх тэрыторый (пераважна гэта былі адстаўныя вайскоўцы — удзельнікі польска-савецкай вайны са сваімі сем'ямі). Пасяленцам выдаваліся ўчасткі зямлі ад 10 да 45 га бясплатна або па заніжаных цэнах. Аб маштабах асадніцтва дазваляе судзіць высяленне асаднікаў з Заходняй Беларусі, якое пачалося пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі 1939 г. Толькі за 1940 г. органы НКУС выселілі ў іншыя раёны СССР больш за 50 тыс. асаднікаў.

Важную ролю ў захаванні беларускай мовы і культуры ў Заходняй Беларусі ў 1920-1930-я гг. адыграла Таварыства беларускай школы (ТБШ) — масавая культурна-асветніцкая арганізацыя, створаная ў 1921 г. у пачатку 1930-х гг. ТБШ налічвала каля 500 гурткоў і 30 тыс. актывістаў. Таварыства змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за адкрыццё новых і захаванне існуючых беларускіх школ, стварала клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, выдавала падручнікі, песеннікі. Актыўна працавалі сярод насельніцтва драматычныя гурткі, створаныя мясцовымі аддзеламі ТБШ. Дзякуючы яго дзейнасці выхоўвалася беларуская творчая інтэлігенцыя. Яркімі яе прадстаўнікамі сталі грамадскі дзеяч Б. Тарашкевіч, музыкант і кіраўнік народнага хору Р. Шырма, спявак М. Забэйда-Суміцкі, паэты Я. Скурко (Максім Танк) і В. Таўлай, пісьменнік Ф. Пестрак і іншыя. Аднак у другой палове 1930-х гг. дзейнасць Таварыства беларускай школы была забароненая.