Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 22–2. Канфесійная палітыка ў БССР у 1920—1930-я гг.

1. Стаўленне савецкай улады да рэлігіі. Палітыка «ваяўнічага атэізму»

Пасля прыходу да ўлады бальшавікоў у 1917 г. становішча рэлігійных канфесій карэнным чынам змянілася.

Царква была аддзелена ад дзяржавы, а школа — ​ад царквы. Савецкая дзяржава дэкларавала свабоду сумлення, прызнавала за ўсімі грамадзянамі свабоду рэлігійнай і антырэлігійнай прапаганды.

Разам з тым стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігійных канфесій на працягу ўсяго перыяду існавання СССР вызначалася адмаўленнем рэлігіі як светапогляду. Партыйнымі і дзяржаўнымі органамі актыўна падтрымліваўся атэізм.

Савецкая дзяржава кантралявала і ўмешвалася ў справы рэлігійных арганізацый. Былі канфіскаваны царкоўныя землі і іншая нерухомасць, устанаўліваліся высокія падаткі для духавенства і на царкоўныя будынкі. Цэрквы, касцёлы, сінагогі разбураліся альбо выкарыстоўваліся як склады, кінатэатры, спартзалы, клубы.

Шырокі размах набыла антырэлігійная прапаганда. У 1929 г. быў створаны Беларускі антырэлігійны ўніверсітэт. У гэтым жа годзе ў Мінску прайшоў 1-ы Усебеларускі з’езд бязбожнікаў.

Акрамя прапаганды навукова-матэрыялістычнага светапогляду дзяржаўнымі органамі ў 1920–1930-я гг. ажыццяўляліся арышты і пераслед духавенства і вернікаў.

Вядома выказванне У. І. Леніна: «Мы павінны змагацца з рэлігіяй. Гэта — азбука ўсяго матэрыялізму і, такім чынам, марксізму. Але марксізм не ёсць матэрыялізм, які спыніўся на азбуцы. Марксізм ідзе далей. Ён кажа: трэба ўмець змагацца з рэлігіяй, а для гэтага трэба матэрыялістычна растлумачыць крыніцу веры і рэлігіі ў мас».

У 1930-я гг. часцей планаваліся і ажыццяўляліся не асобныя антырэлігійныя мерапрыемствы, а спецыяльныя кампаніі, у якіх былі задзейнічаны ўсе магчымасці і сродкі ўплыву на паўсядзённае жыццё і рэлігійную свядомасць насельніцтва рэспублікі.

Акрамя прапаганды атэізму («навукова-матэрыялістычнага светапогляду») дзяржаўнымі органамі ў 1920—1930-я гг. ажыццяўляліся масавыя арышты і пераслед духавенства і рэлігійных прапаведнікаў.

У цэлым у барацьбе з рэлігіяй і рэлігійнасцю насельніцтва ў 1920—1930 гг. былі дасягнуты значныя поспехі. У паўсядзённым жыцці святкаванне гадавін Кастрычніка, 1 Мая і іншых рэвалюцыйных свят адціснулі традыцыйныя рэлігійныя ўрачыстасці. Аж да 1939 г. палітыка ліквідацыі арганізаванага рэлігійнага жыцця праводзілася органамі дзяржаўнай улады ў адміністрацыйным парадку.

У пачатку 1920-х гг. на тэрыторыі Усходняй Беларусі дзейнічала каля 1500 праваслаўных храмаў. Увесну 1922 г. пачалася кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцей. Пасля 1933 г. колькасць дзеючых храмаў знізілася да некалькіх дзясяткаў. У 1937 г. дзейнічала ўсяго 11 касцёлаў. З лета 1939 г. да лета 1941 г. праваслаўнае набажэнства на тэрыторыі Усходняй Беларусі практычна не ажыццяўлялася.

Аднак канчаткова пераадолець рэлігійнасць у штодзённай свядомасці і яе праявы так і не ўдалося.