§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.
4. Скасаванне ўніяцкай царквы
Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі намаганнямі Магілёўскага архіепіскапа Георгія (Каніскага) і імператрыцы Кацярыны II пачаўся працэс далучэння ўніятаў да праваслаўнай царквы. Пры імператары Паўле I (1796—1801) уз'яднанне ўніятаў прыпынілася, і іх пераход у каталіцтва не забараняўся. У 1798 г. імператар нават заснаваў дзве ўніяцкія епархіі: Брэсцкую (для Мінскай і Літоўскай губерняў) і Луцкую (для Валынскай і Падольскай). Тыя ж тэндэнцыі захаваліся ў канфесійнай палітыцы падчас праўлення Аляксандра I (1801—1825).
У цараванне Мікалая I (1825—1855), які імкнуўся да ўзмацнення значнасці праваслаўнай царквы, канфесійная сітуацыя ў Беларусі рэзка змянілася. Удзел часткі ўніяцкага духавенства ў паўстанні 1830—1831 гг. прывёў да ўзнікнення ідэі поўнай ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы.
У канцы 1820-х гг. уніяцкі мітрапаліт Іосіф Сямашка звярнуўся да імператара Мікалая I з прапановай аб'яднаць уніяцкую царкву з праваслаўнай з мэтай вызвалення ад «польскага ўплыву».
Удзел некаторых прадстаўнікоў уніяцкага духавенства ў паўстанні 1830—1831 гг. прывёў да канчатковага вырашэння пытання аб ліквідацыі грэка-каталіцкай царквы.
У 1839 г. на Полацкім Саборы быў падпісаны акт аб далучэнні грэка-каталіцкай царквы да праваслаўнай. У выніку праваслаўная царква атрымала
звыш 1600 прыходаў і больш за 1 млн 600 тыс. новых вернікаў. У цэлым аб'яднанне прайшло спакойна, без асаблівага супраціву вернікаў.