Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 21. Эвалюцыя канфесійных адносін у ХІХ — пачатку ХХ ст.

2. Пашырэнне ўплыву праваслаўнай царквы на беларускіх землях

З уключэннем беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі на іх стала распаўсюджвацца агульнарасійскае канфесійнае права. Згодна з рэлігійным заканадаўствам імперыі ўсе рэлігіі, што вызнавала насельніцтва, дзяліліся на тры катэгорыі:

  • «першынствуючая і пануючая»; ёю з'яўлялася, як указвалася ў заканадаўстве, «...Хрысціянская Праваслаўная Кафалічная Усходняга вызнання»;
  • «прызнаныя памяркоўныя» веравызнанні, або «дазволеныя»;
  • «шкодныя непрызнаныя», або «недазволеныя».

Паступова змянялася месца канфесій у грамадскім жыцці. Канфесійная сітуацыя характарызавалася ўзмацненнем пазіцый праваслаўя. У другой палове XIX — пачатку XX ст. на тэрыторыі Беларусі існавала пяць праваслаўных епархій: Полацкая, Мінская, Магілёўская, Гродзенская, значная частка беларускіх земляў уваходзіла ў склад Віленскай епархіі. Да 1914 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічала 3552 царквы, 470 капліц і 35 манастыроў. У Мінску, Вільні, Магілёве і Віцебску меліся духоўныя семінарыі. Пры ўсіх прыходах існавалі царкоўна-парафіяльныя школы.

Важным фактарам царкоўнага жыцця ў Беларусі з'яўлялася дзейнасць праваслаўных брацтваў, адраджэнне якіх пачалося ў 60-я гг. XIX ст. Братэрства актыўна развівалі выдавецкую дзейнасць, публікавалі перыядычныя выданні, папулярныя кнігі па грамадзянскай і царкоўнай гісторыі Заходняй Русі, праводзілі публічныя багаслоўскія чытанні.

«Дазволенымі», або «прызнанымі памяркоўнымі», рэлігіямі з'яўляліся каталіцтва, пратэстантызм, іслам, іўдаізм. Да іх належала частка насельніцтва Беларусі. Вернікі гэтых канфесій мелі права валодаць маёмасцю, адкрываць прыходы і г. д., аднак ім забаранялася схіляць у сваю веру праваслаўных.

Пры гэтым дапускаўся пераход з нехрысціянскага веравызнання ў хрысціянскае, а таксама падтрымліваўся пераход з любога веравызнання ў праваслаўе. Зваротны пераход быў забаронены.

Трэцюю катэгорыю складалі стараверы, якія да маніфесту 17 кастрычніка 1905 г. называліся «раскольнікамі».

Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі было забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі прывілеяванага становішча Рускай праваслаўнай царквы.