§ 12. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця
4. Эканамічная інтэграцыя з Расеяй і краінамі СНД
У шматвектарнай знешняй палітыцы Беларусі прыярытэтным з’яўляецца супрацоўніцтва з Расіяй — асноўным эканамічным партнёрам краіны. Цесныя эканамічныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй усталяваліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. Ідэю эканамічнай інтэграцыі з Расіяй грамадзяне Беларусі падтрымалі на рэспубліканскім рэферэндуме 1995 г. (82,4 %).
Развіццю эканамічных сувязей садзейнічалі падпісанне Дагавора аб стварэнні Садружнасці Беларусі і Расіі ў 1996 г., Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі ў 1997 г., стварэнне Саюзнай дзяржавы 8 снежня 1999 г. Важнымі перадумовамі эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі з’яўляліся тэрытарыяльнае раздзяленне працы і спецыялізацыя і кааперацыя эканамічных сувязей, якія склаліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў у рамках былога СССР.
На Расійскую Федэрацыю прыпадае каля паловы знешнегандлёвага абароту Беларусі. Адтуль Беларусь імпартуе паліўна-энергетычныя рэсурсы (нафту і газ), металы, машыны і абсталяванне. Аснову беларускага экспарту ў Расію складаюць транспартныя сродкі (аўтамабілі, трактары), прамысловае абсталяванне, тэкстыль, мясныя і малочныя прадукты, кандытарскія вырабы. Больш за 8 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў сёння звязаны ўзаемнымі пастаўкамі прадукцыі.
За апошнія некалькі гадоў тавараабарот паміж нашымі краінамі паказваў устойлівы рост. Так, у 2018 г. ён складаў 35,5 млрд у доларавым эквіваленце, у наступныя гады рост тавараабароту працягнуўся і, па ацэнках экспертаў, да 2020 г. складаў 45 млрд долараў.
Паліўна-энергетычныя комплексы Беларусі і Расіі інтэграваны на 95 %, машынабудаўнічыя — на 85 %, сельскагаспадарчыя — на 65 %, будаўнічай індустрыі — на 80 %. Доля Расіі ў знешнім гандлі Беларусі перавышае 50 %.
Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД таксама з’яўляецца адным з асноўных знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь. Паслядоўна адстойваючы ідэі інтэграцыі, Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю ў працэсах аб’яднання на постсавецкай прасторы. 29 мая 2014 г. Расія, Беларусь і Казахстан падпісалі дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). Ён набыў моц 1 студзеня 2015 г. У гэты ж год членамі ЕАЭС сталі Арменія і Кыргызстан. У рамках ЕАЭС забяспечваюцца свабода руху тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, правядзенне скаардынаванай, узгодненай альбо адзінай палітыкі ў ключавых галінах эканомікі.