Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 11–3. Змены ў сацыяльна-эканамічным развіцці ў другой палове 1980-х гг.

3. Развіццё кааператыўнага руху

Распачатая ў ходзе перабудовы СССР эканамічная рэформа меркавала не толькі істотнае пашырэнне самастойнасці дзяржаўных прадпрыемстваў, але і паўсюднае развіццё прыватнага сектара. У 1988 г. былі прынятыя Закон аб кааперацыі і Закон аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці. Мэтай гэтых законаў было зрабіць гаспадарчую актыўнасць савецкіх людзей (прадпрымальніцтва) максімальна карыснай грамадству. Так, індывідуальная працоўная дзейнасць была вызначана як «грамадска карысная дзейнасць грамадзян па вытворчасці тавараў і аказанні платных паслуг».

У гэты час ад савецкіх прадпрымальнікаў патрабавалася наступнае:

  • за кароткі тэрмін насыціць рынак дэфіцытнымі спажывецкімі таварамі і платнымі паслугамі;
  • узмацніць канкурэнцыю паміж прадпрыемствамі розных форм уласнасці;
  • стварыць дадатковыя працоўныя месцы.

Паводле прынятых законаў адкрывалася магчымасць для прыватнай дзейнасці больш чым у 30 відах вытворчасці тавараў і паслуг. У краіне пачалося бурнае развіццё кааператываў, і праз два гады ў іх было занята каля мільёна чалавек. Больш за 60 % усіх беларускіх кааператываў займаліся аказаннем паслуг насельніцтву. Працавалі кааператыўныя прадпрыемствы грамадскага харчавання, бытавых паслуг, актыўна развіваліся будаўнічыя кааператывы.

Такім чынам, у канцы 1980-х гг. у савецкай краіне, упершыню з часоў новай эканамічнай палітыкі, разам з дзяржаўным сектарам з’явіўся рэальны прыватны сектар. Свабода дзейнасці кааператываў прыцягнула масу прадпрымальных людзей. Гэтаму спрыяў таварны дэфіцыт, фіксаваныя цэны ў дзяржаўным сектары і многае іншае.

Аднак новае заканадаўства ў падтрымку прыватнага прадпрымальніцтва не змагло аздаравіць савецкую эканоміку, якая хутка губляла дынамізм. Кааператывы не здолелі насыціць рынак таварамі і паслугамі. Льготы, якія прадстаўляліся, дазвалялі кааператара закупляць сыравіну па нізкіх дзяржаўных коштах, а рэалізоўваць прадукцыю па камерцыйных, забяспечваючы супрацоўнікам значна больш высокую, чым у дзяржаўным сектары, зарплату. Кіраўнікі многіх дзяржаўных прадпрыемстваў стваралі пры іх кааператывы, карыстаючыся бескантрольнасцю і папушчальніцтвам мясцовых улад. У іншых выпадках кааператары бралі ў арэнду дзяржпрадпрыемствы, здавалі ў якасці арэнднай платы той аб'ём выручкі, які прадпрыемства раней мела, а прыбытак атрымлівалі за кошт павышэння коштаў.

У выніку матэрыяльна-тэхнічная база вытворчасці не павялічвалася, і замест росту вытворчасці тавараў атрымаўся рост коштаў і зніжэнне якасці прадукцыі ўсё тых жа дзяржаўных прадпрыемстваў. З дапамогай кааперацыі быў легалізаваны вялікі сектар ценявой эканомікі, павялічваліся сацыяльныя дыспрапорцыі.

Многія кааператывы заняліся адкрытай спекуляцыяй, вытворчасцю тавараў сумніўнай якасці альбо фінансавымі аперацыямі па атрыманні наяўных грошай. Больш за тое, дазвол ствараць кааператывы на прадпрыемствах стаў фатальнай памылкай улад, што ў канчатковым выніку падкасіла савецкую эканоміку ў 1989—1991 гг.: гэта прывяло да таго, што прадукцыя прадпрыемстваў рэалізоўвалася праз кааператывы па рынкавых цэнах, прадпрыемства атрымлівала прыбытак, а дзяржава заставалася без падаткаў.

Да ўсяго гатоўнасці мяняць эканамічную аснову ладу ў савецкага кіраўніцтва тады не было. Таму адначасова з'явіўся ўказ аб барацьбе з непрацоўнымі даходамі, што адразу абмежавала сферу прыватнага прадпрымальніцтва. Прыватнікаў абклалі непад'ёмнымі падаткамі, таму пры адсутнасці крэдыту займацца вытворчасцю было практычна немагчыма.

У выніку прыватны сектар стаў займацца не столькі вытворчасцю, колькі пасрэдніцкімі аперацыямі, а таксама шырока выкарыстоўваўся для адмывання грошай.