§ 11–1. Аднаўленне народнай гаспадаркі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
5. Матэрыяльнае становішча народа ў пасляваенныя гады
У першыя пасляваенныя гады матэрыяльнае становішча насельніцтва Беларусі было вельмі цяжкім. Да канца 1947 г. у рэспубліцы, як і ў СССР, захоўвалася сістэма унармаванага размеркавання найважнейшых харчовых і прамысловых тавараў. Нягледзячы на гэта, дэфіцыт у забеспячэнні хлебам і іншымі прадуктамі харчавання захоўваўся. Пэўную частку прадуктаў звыш унармаванага размеркавання насельніцтва купляла на калгасных рынках, дзе кошты былі значна вышэйшыя. Аднак гэтыя магчымасці былі абмежаваныя, попыт значна перавышаў прапанову.
У 1945 г. быў уведзены камерцыйная гандаль прадуктамі харчавання, а затым і прамысловымі таварамі. Цэны на камерцыйныя тавары былі ў некалькі разоў вышэй, чым на тыя, якія адпускаліся па картках. Істотным рэсурсам атрымання харчавання рабочымі і службоўцамі ў той час былі падсобныя гаспадаркі. Прадпрыемствам і ўстановам пад калектыўныя і індывідуальныя агароды дзяржавай адводзіліся свабодныя землі гарадоў, пасёлкаў, бліжэйшых калгасаў і саўгасаў.
У снежні 1947 г. у краіне была адменена картачная сістэма і ажыццёўлены пераход да продажу тавараў праз гандлёвую сетку па адзіных дзяржаўных цэнах. У выніку новы ўзровень коштаў, які склаўся пасля адмены картак, апынуўся ў 3 разы вышэй даваеннага.
Адначасова з адменай картачнай сістэмы была праведзена грашовая рэформа. Яе мэтай была стабілізацыя грашовага абарачэння, павышэнне пакупніцкай здольнасці савецкага рубля, ліквідацыя фальшывых грашовых знакаў. Замена старых грошай на новыя праводзілася ў разліку 10:1. Уклады ў ашчадных касах абменьваліся дыферэнцыравана ў залежнасці ад іх сумы. Рэформа аздаравіла грашовую сістэму, мела станоўчы эфект для ўсёй эканомікі, аднак частка насельніцтва ў працэсе абмену панесла пэўныя страты.
Адмена картачнай сістэмы і грашовая рэформа садзейнічалі павышэнню пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Характэрным было тое, што рост рэальных даходаў насельніцтва адбываўся як за кошт павышэння заработнай платы, так і за кошт зніжэння коштаў. Аднак рэальная заработная плата так і не дасягнула даваеннага ўзроўню. Нягледзячы на неаднаразовае зніжэнне, кошты па-ранейшаму былі значна вышэй даваенных.
Адной з самых вострых праблем была жыллёвая. Таму ў пасляваенныя гады ў рэспубліцы разгарнулася жыллёвае будаўніцтва. Аднак да 1950 г. жыллёвы фонд удалося аднавіць толькі на 74,5 %, і патрэбы насельніцтва ў жыллі былі яшчэ далёка не забяспечаны. У Мінску, напрыклад, 20 % жылой плошчы прыходзілася на баракі, 14 % — на інтэрнаты. Кватэры ў жылых дамах засяляліся па пакоях. Некаторыя сем'і працягвалі жыць у зямлянках.
У гэтыя гады будавалася больш аднапавярховых дамоў, часовага жылля барачнага тыпу без камунальных выгод. У 1950 г. з больш чым 60 гарадоў рэспублікі вадаправод мелі 15, каналізацыю — 4 (Мінск, Магілёў, Брэст, Гродна). У пачатку1950-х гг. абсалютная большасць жылых дамоў вяскоўцаў не мелі электрычнасці.
Наладжвалася, хоць і недастаткова актыўна, праца прадпрыемстваў, якія выпускалі тавары народнага спажывання і прадукцыю харчовай прамысловасці. І ўсё ж перабоі існавалі доўгі час, асабліва ў забеспячэнні гарадскога насельніцтва. Многія гараджане мелі патрэбу ў прадуктах харчавання, адзенні, абутку.
Урадам прымаліся меры па першачарговым забеспячэнні і дапамозе сем'ям загінуўшых воінаў і партызан, інвалідам вайны, шматдзетным і адзінокім маці, сіротам. Паляпшалася пенсійнае забеспячэнне. Адбывалася зніжэнне рознічных цэн.
Пэўную падтрымку насельніцтву рэспублікі аказвала міжнародная супольнасць. На працягу 1945—1947 гг. Беларусь атрымлівала прадукты харчавання, адзенне, абутак, Медыцынскае абсталяванне, лекі і інш. па лініі адміністрацыі Аб'яднаных Нацый для аказання дапамогі і адраджэння (ЮНРРА).
Адраджалася таксама сістэма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Аднак цалкам аднавіць асноўныя фонды сістэмы аховы здароўя ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе не ўдалося. Нават у сярэдзіне 1950-х гг. БССР адставала ад многіх саюзных рэспублік па колькасці лекараў, бальнічных месцаў, абсталяванню медыцынскіх устаноў. У эканоміцы СССР сфармаваўся рэшткавы прынцып фінансавання сацыяльных патрэб, г. зн. на сацыяльныя патрэбы насельніцтва вылучаліся толькі тыя сродкі, якія заставаліся пасля вытворчых выдаткаў.