Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 11–1. Аднаўленне народнай гаспадаркі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе

4. Калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі

Пасляваеннае аднаўленне сельскай гаспадаркі ў заходніх абласцях Беларусі мела свае асаблівасці. У 1949—1951 гг. у заходніх раёнах Беларусі была праведзена прымусовая калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. Стварэнне першых калгасаў пачалося тут яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, пасля ўз'яднання заходніх абласцей Беларусі з БССР. Аднак распачатую калектывізацыю прыпыніла вайна з Германіяй.

Пасля вайны калгасы ў заходніх раёнах БССР у асноўным перасталі існаваць і аднаўляліся павольна, для сельскай мясцовасці былі характэрныя аднаасобныя сялянскія гаспадаркі. У першыя пасляваенныя гады савецкая ўлада ў заходніх рэгіёнах БССР была яшчэ недастаткова моцнай і не магла прымусова і хутка ўцягнуць усё сялянства ў калгасы. Да канца 1946 г. было адноўлена і арганізавана ўсяго 133 калгаса (0,56 % усіх сялянскіх гаспадарак). Да 1949 г. стварэнне калектыўных гаспадарак вялося пераважна шляхам агітацыі на добраахвотнай аснове. Вынікі такой працы былі вельмі нязначныя.

Масавая калектывізацыя заходніх абласцей БССР пачалася пасля таго, як ХІХ з'езд КП(Б)б (10—12 лютага 1949 г.) прыняў пастанову аб неабходнасці суцэльнай калектывізацыі краіны і завяршэння калгаснага будаўніцтва ў заходніх абласцях БССР.

У выніку, калі ў пачатку 1949 г. калектывізацыяй было ахоплена 6,8 % сялянскіх гаспадарак, то ў канцы — 39,3 %. У студзені 1950 г. для ўмацавання калгасаў пры МТС былі створаны палітаддзелы па вопыту 1933 г., якія «ажыццяўлялі лінію партыі» ў заходніх раёнах. Да канца 1950 г. было арганізавана 6054 калгаса, якія аб'ядноўвалі 85 % пасяўных плошчаў. Фактычна за два гады ў калгасы ўступіла большасць сялян гэтага рэгіёну.

Адначасова праводзілася высяленне з хутароў, што разам са змяненнем традыцыйных форм гаспадарання нанесла ўдар па сельскай гаспадарцы заходніх абласцей. У верасні 1951 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб высяленні кулакоў з БССР». У ходзе яго выканання адміністрацыйнымі і карнымі органамі толькі ў 1952 г. за межы рэспублікі была выселена 4431 кулацкая сям'я.

Падчас паскоранай калектывізацыі аднаасобных гаспадарак у заходніх раёнах Беларусі да лістапада 1951 г. было аб'яднана ўжо 89,7 %, а да канца 1952 г. 95 % гаспадарак увайшлі ў калгасы. Такіх вынікаў партыйна-савецкае кіраўніцтва БССР дасягнула за кошт ігнаравання прынцыпу добраахвотнасці, актыўнага выкарыстання метадаў прымусу і «раскулачвання», ахвярамі якога стала нават частка сераднякоў.