§ 11–1. Аднаўленне народнай гаспадаркі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе
3. Асаблівасці і цяжкасці ў аднаўленні і развіцці сельскай гаспадаркі
У найбольш цяжкім становішчы пасля вайны аказалася сельская гаспадарка, матэрыяльная база якой была практычна знішчана. У вытворчай дзейнасці ўдзельнічала менш за палову даваеннай колькасці калгаснікаў, у асноўным жанчыны. Не хапала насення, мінеральных угнаенняў, інвентару і машын. Слаба развівалася жывёлагадоўля. Наступствы вайны, адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці абумовілі нізкія тэмпы адраджэння аграрнай вытворчасці.
На стане аграрнага сектара неспрыяльна адбілася засуха 1946 г. павольнае адраджэнне сельскай гаспадаркі было абумоўлена непрадуманай падатковай палітыкай і планаваннем. Заставалася недастатковай матэрыяльна-тэхнічная падтрымка калгасаў з боку дзяржавы.
Асноўнай крыніцай існавання сялян была ўласная гаспадарка, прадукцыя якой абкладалася падаткам у форме абавязковых паставак дзяржаве або ў грашовай форме. Большасць калгасаў і саўгасаў былі нерэнтабельнымі і стратнымі, неслі вялікія выдаткі на вытворчыя патрэбы. Планавыя дзяржаўныя пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ажыццяўляліся па фіксаваных цэнах, таму калгасы былі вымушаныя прадаваць прадукцыю ніжэй за сабекошт.
Цяжкім было становішча сельскага насельніцтва. У 1946 г. толькі ў 10 % калгасаў сяляне атрымлівалі мінімум прадуктаў на заробленыя працадні, у астатніх – нічога. Але і да 1950 г. у сярэднім на адзін працадзень выдавалася прадуктаў менш, чым да вайны.
У многіх калгасах неэфектыўна працавала тэхніка, адсутнічала матэрыяльная зацікаўленасць калгаснікаў у выніках сваёй працы. У рэспубліцы было шмат эканамічна слабых калгасаў, якія атрымлівалі нізкія ўраджаі, мелі нізка аплачваемы працадзень, дапускаўся паморак жывёлы,. У значнай ступені гэта было абумоўлена як наступствамі вайны, так і метадамі гаспадарання.
Пяцігадовы план аднаўлення і развіцця беларускай сельскай гаспадаркі ставіў задачу цалкам аднавіць даваенныя пасяўныя плошчы, пагалоўе жывёлы і забяспечыць далейшае развіццё земляробства і жывёлагадоўлі. План таксама прадугледжваў перавысіць даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці, але гэта аказалася нерэальным і не было выканана.
У канчатковым выніку аднаўленне сельскай гаспадаркі ў першыя пасляваенныя гады праходзіла даволі павольна. Фінансавыя сродкі з сельскай гаспадаркі накіроўваліся пераважна ў прамысловасць. Фактычна адсутнічала самастойнасць калгасаў і саўгасаў. Ушчамляліся сацыяльныя правы сялян, якія не мелі пашпартоў і фактычна прымусова прымацоўваліся да зямлі.