Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 11–1. Аднаўленне народнай гаспадаркі ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе

2. Аднаўленчыя работы ў прамысловасці

Для хутчэйшага адраджэння БССР было неабходна ў кароткія тэрміны ліквідаваць разбуральныя наступствы вайны, аднавіць і забяспечыць развіццё эканомікі, прыцягнуць значныя рэсурсы для нармалізацыі жыцця насельніцтва. Першыя аднаўленчыя работы ў рэспубліцы разгарнуліся з вызваленнем усходніх раёнаў Беларусі ў верасні 1943 г., калі яшчэ значная частка сродкаў і рэсурсаў накіроўвалася саюзным урадам на патрэбы фронту. Галоўная ўвага надавалася аднаўленню цяжкай прамысловасці і транспарту, якія забяспечвалі наступленне савецкіх войск. У траўні 1944 г. былі ўведзеныя ў строй Гомельскія паравозарамонтны і цагляны заводы, у жніўні — «Гомсельмаш».

З вызваленнем у ліпені 1944 г. Мінска ўжо ў пачатку жніўня далі прадукцыю 13 фабрык і заводаў горада. Асабліва хутка аднаўляўся транспарт. Першы цягнік прыйшоў у Мінск на сёмы дзень пасля вызвалення — 10 ліпеня, у Маладзечна — 11, у Ліду — 19 ліпеня. За 1944 г. было адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 прадпрыемстваў, якія выраблялі ваенныя матэрыялы, рамантавалі і збіралі самалёты, танкі, аўтамабілі і іншую тэхніку для фронту. Да мая 1945 г. у рэспубліцы пачало працаваць каля 12 тыс. прамысловых аб'ектаў, у тым ліку 8 тыс. прадпрыемстваў, 4 тыс. арцеляў і майстэрняў.

Да завяршэння вайны дапамога Беларусі з боку саюзных рэспублік істотна вырасла. У 1944 г. — першай палове 1945 г. БССР атрымала 37 металаапрацоўчых заводаў, абсталяванне для аўтамабільнага, веласіпеднага і інструментальнага заводаў у Мінску, шклозаводаў у Віцебску, Гомелі і Мінску, для Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, Аршанскага льнокамбіната і інш.

Немалую ролю ў правядзенні аднаўленчых работ адыграла дапамога саюзных рэспублік. У БССР накіроўвалася прамысловае абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы, нафтапрадукты, адзенне, абутак і іншыя тавары. Тысячы спецыялістаў народнай гаспадаркі прыбылі з Украіны, Расіі, Малдовы і іншых савецкіх рэспублік, каб аказаць дапамогу беларускаму народу. У сваю чаргу, тысячы юнакоў і дзяўчат з Беларусі ехалі на лесанарыхтоўкі, будаўніцтва, аднаўляць руднікі і шахты.

Павольней адраджалася харчовая прамысловасць. Да канца 1945 г. у БССР працавала 118 прадпрыемстваў гэтай галіны, якія давалі 18 % валавой прадукцыі даваеннага ўзроўню.

Характэрнай рысай першай пасляваеннай пяцігодкі (1946—1950 гг.) было не толькі аднаўленне разбуранай эканомікі, але і апераджальны рост цяжкай прамысловасці — машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў. Развіццё цяжкай прамысловасці ў БССР забяспечвалася пераважна за кошт сродкаў бюджэту СССР. У рэспубліцы з'явіўся шэраг новых галін прамысловасці: аўтамабільная, трактарная, дарожных машын і будаўнічых механізмаў. Ужо ў 1946 г. у параўнанні з папярэднім годам аб'ём прамысловай прадукцыі вырас у 1,5 разы, павысілася прадукцыйнасць працы.

Паступова аднаўлялася паліўна-энергетычная база. У 1948 г. здабыча торфу складала 116,6 % ад узроўню 1940 г. Да пачатку 1949 г. агульная магутнасць электрастанцый рэспублікі дасягнула 116,3 % даваеннага ўзроўню. Змянялася структура прамысловай вытворчасці, зніжалася ўдзельная вага лёгкай, харчовай, лясной, дрэваапрацоўчай галін пры павелічэнні ўдзельнай вагі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі.

У выніку за перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі значна змянілася структура прамысловай вытворчасці. Знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай галін, што пераважалі да вайны, і павялічылася доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі.

З мэтай удасканалення тэрытарыяльнай структуры прамысловай вытворчасці больш высокімі тэмпамі ішло эканамічнае развіццё заходніх абласцей БССР, дзе аб'ём валавой прадукцыі ў 1950 г. павялічыўся ў параўнанні з 1940 г. амаль удвая. Павольна аднаўлялася вытворчасць тавараў народнага спажывання. Лёгкая прамысловасць у 1950 г. у параўнанні з даваенным узроўнем выпусціла баваўняных тканін толькі 17,7 %, мясаперапрацоўчая прамысловасць дала толькі 65 % прадукцыі ў параўнанні з 1940 г., хлебабулачных — 57,3 %.

Вынікамі аднаўлення эканомікі рэспублікі за гады першай пасляваеннай пяцігодкі стала тое, што ў першым квартале 1949 г. прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940 г., а да канца пяцігодкі павялічылася ў параўнанні з даваенным перыядам на 15 %, што было ў 5,7 разы больш, чым у 1945 г. Разам з тым адставалі энергетыка і здабыча торфу, слаба асвойваліся сродкі, выдзеленыя на капітальнае будаўніцтва. Павольна аднаўлялася вытворчасць тавараў народнага спажывання, адставала харчовая прамысловасць.