§ 10–4. Сацыяльна-эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гг.
2. Аграрныя рэформы
Каб знізіць сацыяльнае напружанне ў сельскай мясцовасці, польскія ўлады ў пачатку 1920-х гг. правялі некалькі аграрных рэформ. У ліпені 1925 г. сейм Польшчы прыняў «Закон аб ажыццяўленні зямельнай рэформы», які ўвайшоў у гісторыю пад назвай «Закона аб парцэляцыі і камасацыі».
Першы закон «Аб зямельнай рэформе» быў прыняты яшчэ ў ліпені 1920 г. і прадугледжваў надзяленне зямлёй малазямельных і беззямельных сялян. Аднак пасля заключэння Рыжскага міру ён фактычна застаўся на паперы. У той жа час памешчыкі пад выглядам парцэляцыі прадавалі зямлю па вельмі высокіх коштах. Толькі ў снежні 1925 г. быў прыняты новы закон аб правядзенні зямельнай рэформы, які дазваляў продаж прыватных зямель толькі па устаноўленых дзяржавай цэнах. Вызначаўся зямельны максімум для адной гаспадаркі, які не падвяргаўся адчужэнню: 60 га ў прыгарадзе і 180 га ў астатніх мясцовасцях. Але для Заходняй Беларусі гэты ўзровень быў узняты да 300 га. Высокапрадукцыйныя маёнткі наогул не падлягалі парцэляцыі. Памер парцэл (надзелаў) вызначаўся ў сярэднім у 15 га, для Заходняй Беларусі – 25 га. Ва ўласнасць дзяржавы пераходзілі лясныя масівы плошчай звыш 50 га, а таксама рыбныя сажалкі плошчай звыш 3 га. Закон прадугледжваў штогадовую парцэляцыю ў памеры 200 тыс. га і рэалізацыю рэформы на працягу 10 гадоў.
У ліпені 1923 г. быў выдадзены закон аб камасацыі (аб'яднанні) сялянскіх надзелаў. Камасацыю можна разглядаць як прагрэсіўную з'яву, паколькі меркавалася, што яна будзе спрыяць стварэнню фермерскіх гаспадарак і развіццю больш эфектыўных форм сельскагаспадарчай вытворчасці. Але дзяржава пераклала на сялян усе выдаткі, звязаныя з ёю. Таму першапачаткова камасацыя сутыкнулася з супрацівам насельніцтва. У сувязі з гэтым у Наваградскім ваяводстве яна пачалася толькі ў 1925 г., а ў Віленскім і Палескім — у 1927 г. Для паскарэння хутарызацыі ў студзені 1927 г. польскія ўлады выдалі ўказ аб аказанні дапамогі сялянам, якія высяляліся на хутары. На 15-гадовы тэрмін выдаваўся крэдыт у памеры 1 200 злотых на перанос будынка і 600 злотых на правядзенне меліярацыі.
Па законе 1922 г. сяляне на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі пазбаўленыя сервітутаў (у 1921 г. імі карысталася больш за 30 % сялянскіх гаспадарак). Грашовая кампенсацыя, якая выплачваецца дзяржавай, была невысокай. Таксама выдзяляліся зямельныя ўчасткі да 1/3 ад агульнай плошчы сэрвітуту, але гэтыя ўчасткі вельмі часта былі непрыдатныя для сельскагаспадарчага выкарыстання.
Аграрныя пераўтварэнні вялі да павелічэння дыферэнцыяцыі сялян, колькасць бедных жыхароў вёскі пачало ўзрастаць. Сяляне Заходняй Беларусі павінны былі пастаянна выконваць дарожныя павіннасці — задарма працаваць на пабудове ці рамонце мастоў, дарог, грэбляў. Медыцынскае абслугоўванне з-за недахопу ўрачоў, дарагавізны медыкаментаў і лячэння было недаступна для большасці насельніцтва. Адзін доктар прыходзіўся на 5—6 тыс.чалавек. У пошуках заробкаў, даведзеныя голадам і ўціскам да адчаю, сяляне шукалі выйсце ў эміграцыі. У 1925—1938 гг. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі на пастаяннае жыхарства ў ЗША, Канаду, Лацінскую Амерыку, Заходнюю Еўропу і іншыя краіны выехалі больш за 78 тыс.чалавек.