Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 10-3. Утварэнне незалежных дзяржаў у Лацінскай Амерыцы

2. Вызваленчая барацьба і атрыманне незалежнасці

Непасрэдным штуршком да ўздыму вызваленчага руху ў іспанскіх калоніях стала ўварванне ў Іспанію ў 1808 г. войскаў Напалеона. Французскі імператар адхіліў дынастыю Бурбонаў ад улады і пасадзіў на іспанскі трон свайго брата Жазэфа. Паражэнне Іспаніі ад напалеонаўскай Францыі паслужыла ў 1810 г. сігналам да пачатку вызваленчых паўстанняў.

Многія нашчадкі заможных крэольскіх сем’яў атрымлівалі адукацыю ў Еўропе і былі знаёмыя з ідэямі Асветы (Вальтэра, Мантэск’ё, Русо) і працамі англійскіх эканамістаў (А. Сміта, Д. Рыкарда). Яны і сталі на чале вызваленчага руху. Сярод іх былі латыфундысты, гандлёвыя пасярэднікі, уладальнікі мануфактур, якія разам з чыноўнікамі з метраполій прыгняталі каляровае і крэольскае беднае насельніцтва, таму спачатку яны не атрымалі падтрымкі беднаты.

Паўстанне пачалося не з прычыны ўсеагульнай незадаволенасці каланіяльным прыгнётам (за выключэннем Мексікі), а з-за непрымірымай пазіцыі заможных слаёў крэольскага насельніцтва, якіх не задавальняла палітыка метраполіі.

Вызваленчы рух у Мексіцы супраць іспанскіх улад і крэольскіх памешчыкаў пачаўся з сялянскага паўстання пад кіраўніцтвам сельскага святара Мігеля Ідальга. Аднак пасля гібелі Ідальга вызваленчы рух у Мексіцы, як і паўсюль у Лацінскай Амерыцы, узначалілі крэолы.

Першыя разрозненыя выступленні супраць іспанскай адміністрацыі былі лёгка задушаны. Аднак у 1816 г. пад камандаваннем Сімона Балівара і Хасэ Марці былі створаны вызваленчыя арміі, якія здолелі перамагчы іспанскія войскі.

Прадстаўнік арыстакратычных колаў Венесуэлы, які атрымаў мянушку Вызваліцеля, Сімон Балівар адыграў выдатную ролю ў вайне за незалежнасць. Адна з лацінаамерыканскіх краін — Балівія — носіць яго імя. Яму ўдалося ўтварыць дзяржаву Вялікая Калумбія, у якую ўвайшлі Новая Гранада (пазней Калумбія), Венесуэла і Эквадор. У прынятай канстытуцыі абвяшчаліся некаторыя буржуазна-дэмакратычныя правы (роўнасць грамадзян перад законам, недатыкальнасць маёмасці і асобы, свабода друку і слова). Аднак членам кангрэса (парламента) мог стаць толькі той, хто меў даволі значны даход.

Прэзідэнтам новай дзяржавы стаў Балівар, віцэ-прэзідэнтам —Франсіска дэ Паўла Сантандэр. Абодва выдатныя ваенныя, палітычныя і дзяржаўныя дзеячы былі прыхільнікамі ўсталявання палітычнага панавання крэольскай эліты, дабіваліся мадэрнізацыі каланіяльнага грамадства ў буржуазным духу, але істотна разыходзіліся ў выбары сродкаў для дасягнення гэтай мэты. Балівар, нягледзячы на сваё сацыяльнае становішча, выражаў інтарэсы сярэдніх і ніжэйшых слаёў насельніцтва, выступаў за раўнапраўе ўсіх расава-этнічных груп, надаўшы асаблівую ўвагу праблеме ліквідацыі рабства, празмернай маёмаснай няроўнасці. Сантандэр прадстаўляў крэольскую алігархію і пакланяўся палітычнай сістэме ЗША.

Вызваленчая вайна ў іспанскіх калоніях завяршылася ў 1826 г. поўным паражэннем метраполіі. На месцы Іспанскай Амерыкі ўтварылася восем незалежных дзяржаў: Мексіка, Гватэмала, Вялікая Калумбія, Перу, Балівія, Парагвай, Аргенціна і Чылі. Бразілія, якая стала адзінай манархіяй на кантыненце, дабілася незалежнасці ад Партугаліі. Да канца XIX ст. у выніку міжусобных войнаў і перадзелу тэрыторый колькасць незалежных лацінаамерыканскіх дзяржаў узрасла да 20. Толькі Куба і Пуэрта-Рыка заставаліся іспанскімі ўладаннямі.

Новыя незалежныя дзяржавы, што знаходзіліся ў стане гаспадарчай разрухі, адразу ж сталі аб’ектамі імперыялістычнай палітыкі краін Еўропы і Злучаных Штатаў, якія паспрабавалі замяніць Іспанію ў ролі метраполіі. Яны падтрымлівалі ў сваіх інтарэсах земляробчую алігархію і сепаратысцкія рухі, якія прывялі да ўтварэння новых дзяржаў. Так, вайна паміж Перу і Вялікай Калумбіяй прывяла да распаду апошняй у 1830 г. на Венесуэлу, Эквадор, Новую Гранаду. Пазней распаліся Перуанска-Балівійская канфедэрацыя і федэрацыя краін Цэнтральнай Амерыкі.