Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.

2. Працэс урбанізацыі і яго асаблівасці ў Беларусі

Урбанізацыя — ​больш высокі прырост гарадскога насельніцтва ў параўнанні з сельскім, што ў выніку вядзе да ўзмацнення ролі гараджан. Урбанізацыя адбываецца шляхам узнікнення новых гарадоў і павелічэння колькасці жыхароў ужо існуючых гарадскіх пасяленняў.

За другую палову ХIХ — ​пачатак ХХ ст. колькасць гарадскога насельніцтва беларускіх губерняў павялічылася ў 2,8 раза і склала ў 1914 г. 974 тыс. чалавек. Удзельная вага гараджан у беларускіх губернях у 1914 г. дасягнула 13,4 %. Гэты паказчык быў крыху ніжэйшы за сярэдні па еўрапейскай частцы Расійскай імперыі — ​14,4 %.

Асаблівасцю працэсу ўрбанізацыі ў Беларусі была наяўнасць такой спецыфічнай з’явы, характэрнай для заходніх губерняў Расійскай імперыі, як мястэчкі. Гэтыя невялікія населеныя пункты часта выконвалі функцыі эканамічнага, адміністрацыйнага, культурнага цэнтра невялікага раёна, які, як правіла, не меў побач гарадскога цэнтра. Мястэчкі займалі прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. На тэрыторыі Беларусі было сканцэнтравана 40 % мястэчак ад іх агульнай колькасці па Расіі. У пачатку ХIХ ст. колькасць мястэчак складала 322.

Большасць насельніцтва мястэчак займалася гандлёва-­прамысловай дзейнасцю. Мястэчкі арыентаваліся на мясцовы сельскі рынак, які па­трабаваў танных тавараў пераважна рамеснай і мануфактурнай вытворчасці.

Яшчэ адной асаблівасцю працэ­­су ўрбанізацыі ў Беларусі было тое, што ў гарадах і мястэчках у другой палове ХIХ — ​пачатку ХХ ст. пражывала ў асноўным яўрэйскае насельніцтва. У адпаведнасці з указам 1882 г. яўрэям-­іўдзеям забаранялася жыць, а таксама купляць і арандаваць зямлю па-за межамі гарадоў і мястэчак.