Print this chapterPrint this chapter

§ 6–7-2. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: палітычнае развіццё і рэвалюцыі

4. Рэвалюцыя 1905—1907 гг.

Адна з важнейшых эканамічных прычын рэвалюцыі заключалася ў тым, што царскі ўрад так і не вырашыў аграрнае пытанне — уласнасць абшчыны на зямлю заставалася няпоўнай, краіна была аграрна перанаселена. Акрамя таго, эканамічны крызіс 1900—1903 гг. і эканамічныя вынікі руска-японскай вайны вельмі балюча ўдарылі па шырокіх слаях насельніцтва, перш за ўсё па бедняках. Сярод прычын рэвалюцыі варта заўважыць нявырашанасць рабочага і нацыянальнага пытанняў у шматнацыянальнай Расійскай імперыі.

Палітычныя прычыны рэвалюцыі заключаліся ў захаванні самадзяржаўнага ладу, абвастрэнні сітуацыі на ўскраінах імперыі, эсэраўскім тэроры. Напрыклад, у ліпені 1904 г. эсэрам Я. Сазонавым быў забіты міністр унутраных спраў В. К. Плевэ.

Да пачатку рэвалюцыі ў Расіі склаліся тры палітычныя лагеры — урадавы, ліберальны і рэвалюцыйны.

Урадавы лагер фактычна абмяжоўваўся царскай сям’ёй і ўрадавым апаратам. Ён валодаў манаполіяй на ўладу і ні з кім не хацеў ёю дзяліцца — ні з лібераламі, ні тым больш з рэвалюцыянерамі.

Ліберальны лагер складаўся ў асноўным з прадстаўнікоў дваранства і буржуазіі. Лібералы імкнуліся да ўсталявання ў Расіі парламентарнага ладу на французскі або англійскі ўзор — з канстытуцыяй, парламентам і асноўнымі грамадзянскімі свабодамі.

Прыхільнікі рэвалюцыйнага лагера ставілі сваёй мэтай не толькі змяненне палітычнай сістэмы, але і пераўладкаванне ўсяго расійскага грамадства. Рэвалюцыйны лагер не быў адзіны. У яго радах налічваліся тры канкурыруючыя палітычныя партыі — эсэры, меншавікі і бальшавікі.

Рэвалюцыя праходзіла ў форме стачачнага руху, а таксама паўстанняў у арміі і на флоце.

Трэцяга студзеня 1905 г. пачалася стачка на пуцілаўскім заводзе, якую падтрымала большасць буйных заводаў Пецярбурга. На чале стачкі стала створаная Міністэрствам унутраных спраў арганізацыя «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых горада Санкт-Пецярбурга», якую ўзначаліў святар Г. А. Гапон. У час стачкі рабочыя напісалі петыцыю цару. 9 студзеня 1905 г. у «Крывавую нядзелю» адбыўся расстрэл рабочай дэманстрацыі, якая рушыла да Зімовага палаца з петыцыяй. Пралілася першая кроў, што выклікала народнае абурэнне. Чацвёртага лютага быў забіты маскоўскі генерал-губернатар, брат цара Вялікі князь Сяргей Аляксандравіч.

З мэтай разрадкі абстаноўкі 18 лютага 1905 г. былі апублікаваны акты, у якіх абвяшчаўся намер урада стварыць Дзяржаўную думу — законадарадчы орган народнага прадстаўніцтва. Праект увайшоў у гісторыю пад назвай «Булыгінскай думы» па прозвішчы міністра ўнутраных спраў А. Р. Булыгіна.

Тым не менш дзеянні ўрада не аслабілі сацыяльнае напружанне. У маі 1905 г. у ходзе стачкі ў Іванова-Вазнясенску ўзнік новы «нізавы» тып улады на ўзор сялянскага абшчыннага сходу — Савет рабочых упаўнаважаных. У Савет былі абраны сотні дэлегатаў, у асноўным ткачы. У яго склад увайшлі таксама меншавікі. Савет арганізаваў рабочую дружыну, міліцыю. Праіснаваўшы крыху больш за два месяцы, Савет аб’явіў аб самароспуску ў сувязі са спыненнем стачкі. Пасля гэтага Саветы рабочых дэпутатаў сталі стварацца і ў іншых гарадах.

14—25 чэрвеня 1905 г. адбылося паўстанне каманды на браняносцы «Князь Пацёмкін-Таўрычаскі», якое ўдарыла па міжнародным аўтарытэце Расіі. Акрамя Чарнаморскага флоту паўстанні прайшлі на Балтыйскім флоце, а таксама ва Уладзівастоку.

Да рэвалюцыйных дзеянняў актыўна далучыліся сяляне. 31 ліпеня — 1 жніўня адбыўся Першы ўсерасійскі сялянскі з’езд, які выступіў за адмену прыватнай уласнасці. У ліпені — жніўні прайшлі масавыя арышты пратэстоўцаў.

Выдадзены ўладамі 6 жніўня 1905 г. Маніфест аб скліканні законадарадчай Думы выклікаў абурэнне апазіцыі. У выніку 6—25 кастрычніка 1905 г. пачалася буйнейшая ў ходзе рэвалюцыі Усерасійская кастрычніцкая палітычная стачка. У ёй прынялі ўдзел звыш 2 млн чалавек з больш чым 50 гарадоў. Рабочыя спынілі працу практычна ўсіх буйных заводаў, пошты, тэлеграфа, транспарту, былі адменены заняткі ва ўсіх навучальных установах, перасталі працаваць банкі, аптэкі, магазіны. Пратэстоўцы пачалі стыхійна ствараць у гарадах Саветы рабочых дэпутатаў.

Сітуацыя стала выходзіць з-пад кантролю, і 17 кастрычніка 1905 г. цар быў вымушаны падпісаць Маніфест «Аб удасканальванні дзяржаўнага ладу». У адпаведнасці з ім усе людзі атрымлівалі грамадзянскія свабоды і недатыкальнасць асобы, абвяшчалася свабода слова, сумлення, сходаў і саюзаў. Да працы Дзяржаўнай думы прыцягваліся нават тыя слаі насельніцтва, якія да 1905 г. былі пазбаўлены грамадзянскіх і выбарчых правоў. Галоўнае — ні адзін закон Расійскай імперыі ад таго часу не мог быць прыняты без ухвалення Дзяржаўнай думы. Фактычна ў Расіі аформілася форма ўлады, якая нагадвае канстытуцыйную манархію — думская манархія. Фінансавыя колы былі задаволены. Ліберальная апазіцыя раскалолася. Рабочыя і сяляне працягнулі барацьбу.

У лістападзе — снежні 1905 г. пачаліся стыхійныя паўстанні ў буйных гарадах, уключаючы Маскву і Пецярбург, дзе былі ўтвораны Саветы рабочых дэпутатаў. Трэцяга снежня Пецярбургскі савет быў арыштаваны. Сёмага снежня 1905 г. Маскоўскі савет рабочых дэпутатаў звярнуўся да ўсіх грамадзян з патрабаваннем пачаць забастоўку. 10 снежня ў Маскве ўспыхнуў узброены канфлікт паміж урадавымі войскімі і рэвалюцыянерамі, на баку якіх выступала каля 8 тыс. чалавек. 15 снежня ў Маскву прыбыў гвардзейскі Сямёнаўскі полк, які задушыў паўстанне. Пасля гэтага інтэнсіўнасць рэвалюцыі ў гарадах пайшла на спад.

Затое надышоў пік сялянскага руху. У 50 % паветаў еўрапейскай часткі Расіі сяляне сталі спальваць памешчыцкія маёнткі і ствараць «сялянскія рэспублікі» са сваёй уладай. У лістападзе прайшоў Другі з’езд Усерасійскага сялянскага саюза. У гэты ж час адбылося паўстанне на флоце ў Кранштаце і Севастопалі. Трэцяга лістапада цар падпісаў Маніфест аб скарачэнні выкупных плацяжоў у два разы ў 1906 г. і аб поўнай адмене выкупных плацяжоў з 1 студзеня 1907 г.

Другога лютага 1906 г. быў падпісаны акт аб скліканні Дзяржаўнай думы на пяць гадоў. Аале яна праіснавала толькі 72 дні (красавік — ліпень 1906 г.). Пасля роспуску Думы значная група дэпутатаў сабралася ў горадзе Выбаргу і склала зварот «Народу ад народных прадстаўнікоў». «Выбаргскі заклік» заклікаў да пасіўнага супраціўлення — не плаціць падаткі, не хадзіць на ваенную службу і г. д.

За 1906 г. рэвалюцыянерамі было забіта 768 і паранена 820 прадстаўнікоў улады. П. А. Сталыпін перажыў 10 замахаў. У адказ 25 жніўня 1906 г. улады апублікавалі закон аб заснаванні ваенна-палявых судоў для барацьбы з рэвалюцыйным тэрорам. Былі пакараны смерцю 683 чалавекі. Увесну 1907 г. сталі дзейнічаць ваенныя суды.

Другая Дзяржаўная дума праіснавала з лютага па чэрвень 1907 г. Асноўным пытаннем для абмеркавання было аграрнае. Нягледзячы на ціск,  Дума адмовілася асудзіць рэвалюцыйны тэрор. Першага чэрвеня 1907 г. П. А. Сталыпін запатрабаваў ад Думы выключэння 55 дэпутатаў сацыял-дэмакратаў і пазбаўлення 16 з іх парламенцкай недатыкальнасці, каб іх можна было арыштаваць. Трэцяга чэрвеня Мікалай II, не чакаючы адмовы Думы выканаць гэтае патрабаванне, аб’явіў аб яе роспуску і прызначэнні выбараў у новую Думу. Роспуск Другой думы называюць дзяржаўным «Трэцячэрвеньскім пераваротам». Хаця ўрад не быў скінуты, быў парушаны выбарчы закон. Надышоў канец рэвалюцыі. Рэжым, які ўсталяваўся пасля гэтага ў Расіі, называюць «Трэцячэрвеньскай манархіяй», галоўным архітэктарам якой стаў П. А. Сталыпін.

Рэвалюцыю 1905—1907 гг. называюць буржуазна-дэмакратычнай, паколькі фармальна яна ставіла буржуазна-дэмакратычныя задачы: звяржэнне самадзяржаўя, усталяванне рэспублікі, ліквідацыя саслоўяў. Але галоўным пытаннем было аграрна-сялянскае. Вялікую ролю адыгрывала фінансаванне рэвалюцыі з-за мяжы.

Вынікамі рэвалюцыі сталі наступныя: цар павінен быў усе законы праводзіць праз Дзяржаўную думу, сялянскае пытанне не было вырашана, працоўны дзень скарочаны нязначна, зарплаты не павялічаны. Манархію па-ранейшаму падтрымлівала значная частка насельніцтва, а рэвалюцыйныя сілы былі разрозненымі.

Урадавы лагер не вывучыў урокаў рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гг. Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі былі непазбежныя, а разам з імі і крах самадзяржаўя, якое сышло з гістарычнай сцэны.