Print this chapterPrint this chapter

§ 6–7-2. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: палітычнае развіццё і рэвалюцыі

2. Рэвалюцыйны рух у Расіі і яго асаблівасці

У 1830—1840-я гг. з’явіліся дзве новыя плыні грамадскай думкі — заходніцтва і славянафільства. Заходнікі былі ўпэўнены ў адзінстве і цэласнасці гістарычнага працэсу і на гэтай падставе лічылі, што ўсе народы праходзяць адны і тыя ж гістарычныя этапы, а рускі народ адстаў ад Захаду і павінен яго дагнаць. Прыгонную працу прапанавалася замяніць вольнанаёмнай, а самадзяржаўе — канстытуцыйнай манархіяй. Сярод заходнікаў вылучаліся прыхільнікі рэспубліканскага праўлення А. І. Герцэн, М. П. Агароў, В. Р. Бялінскі. Яны не ідэалізавалі сучасную ім Еўропу, а заклікалі Расію і еўрапейскія дзяржавы разам здзейсніць пераход да сацыялізму шляхам рэвалюцыі.

Славянафілы А. С. Хамякоў, браты І. В. і П. В. Кірыеўскія, Ю. Ф. Самарын, А. І. Кошалеў лічылі, што ў Расіі асаблівы шлях развіцця, заснаваны на традыцыйнай рускай абшчыннасці і праваслаўі. Яны заклікалі аднавіць дапятроўскія асновы рускага грамадства, адмяніць прыгоннае права і адрадзіць земскія саборы. Такім чынам, і заходнікі, і славянафілы крытыкавалі прыгоннае права і дабіваліся змены дзяржаўнага ладу ў Расіі.

Разыходжанне ліберальнага і рэвалюцыйнага рухаў, якое намецілася яшчэ ў дзекабрысцкіх арганізацыях, канчаткова было аформлена ў 1840—1850-я гг. Прадстаўнікі рэвалюцыйнага руху грунтаваліся на ўтапічным сацыялізме. Самымі радыкальнымі ў рэвалюцыйна-дэмакратычным руху былі прадстаўнікі гуртка М. В. Петрашэўскага.

У сувязі з развіццём сферы адукацыі яшчэ ў канцы XVIII ст. у Расіі стала зараджацца інтэлігенцыя, прадстаўленая выкладчыкамі школ і вышэйшых навучальных устаноў, урачамі, юрыстамі, дзеячамі культуры. Спецыяльнымі ўказамі дазвалялася займацца дзейнасцю ва ўказаных сферах дзецям святароў, салдат, збяднелых і дробнамаянтковых дваран, мяшчан і чыноўнікаў. Паколькі яны з’яўляліся прадстаўнікамі розных чыноў і саслоўяў, іх называлі разначынцамі. Сацыяльная роля разначынцаў заўважна ўзрасла — яны сталі адціскаць дваранства ў сферы кіравання. Частка інтэлігенцыі падзяляла ідэі ўтапічнага сацыялізму і папоўніла рады рэвалюцыянераў.

Рэвалюцыйны кірунак узмацніўся ў Расіі ў паслярэформенны перыяд. Прадстаўнікоў леварадыкальных плыняў і гурткоў, якія паходзілі з разначынцаў, сталі называць народнікамі. Родапачынальнікамі іх ідэалогіі былі А. І. Герцэн і М. Г. Чарнышэўскі. У 1861 г. А. І. Герцэн у сваёй рэвалюцыйнай газеце «Колокол» заклікаў рускіх рэвалюцыянераў ісці ў народ і прапагандаваць сацыялістычныя ідэі сярод сялян.

У 1861—1864 гг. дзейнічала рэвалюцыйнае таварыства «Зямля і воля», члены якога абапіраліся на сацыялістычныя прынцыпы і патрабавалі склікання бессаслоўнага народнага сходу. Рэальная дзейнасць па ўцягванні народа ў рэвалюцыйны рух — «хаджэнне ў народ» — пачалася ў 1870-я гг. Адноўленае ў 1876 г. у форме народніцкай арганізацыі таварыства «Зямля і воля» абвясціла новы этап «хаджэння ў народ». Замест пастаяннай змены месца агітацыі — выступленняў то ў адным, то ў іншым сяле — народнікі ўладкоўваліся ў вёсках фельчарамі, ветэрынарамі, каморнікамі, настаўнікамі з мэтай агітацыі і прапаганды сацыялістычных ідэй. Тым не менш сяляне не адгукнуліся, не давяраючы прапагандыстам, якія заклікалі да рэвалюцыі і звяржэння цара.

«Хаджэнне ў народ» працягвалася не больш за два гады і скончылася поўным правалам агітацыйнага этапа руху народнікаў. Тады было вырашана перайсці да тактыкі індывідуальнага тэрору з мэтай дэзарганізацыі дзяржавы і ліквідацыі «найбольш шкодных альбо выдатных асоб з урада».

Асноўнымі патрабаваннямі адноўленай арганізацыі былі перадача ўсёй зямлі сялянам на роўных умовах, увядзенне абшчыннага самакіравання, свабода веравызнання і права нацый на самавызначэнне. У 1879 г. яна раскалолася на «Народную волю» — прыхільнікаў тэрору — і «Чорны перадзел». Прадстаўнікі «Чорнага перадзелу» засталіся вернымі народніцкім прынцыпам. Яны заклікалі да ўсеагульнага  нізавога (чорнага) перадзелу зямлі, гэта значыць да таго, да чаго імкнуліся і аб чым марылі сяляне.

У гэты ж час урад працягваў ліберальную рэфарматарскую дзейнасць, закліканую ў тым ліку знізіць напал рэвалюцыйнага руху. У 1881 г. кіраўніком Міністэрства ўнутраных спраў М. Т. Лорыс-Мелікавым была падрыхтавана так званая «Канстытуцыя сэрца», якая мела на мэце ўвядзенне ў Расіі законадарадчага органа пры імператары кшталту парламента. Аднак радыкаламі з рэвалюцыйнага руху «Народная воля» 1 сакавіка быў забіты Аляксандр II, перш чым ён паспеў зацвердзіць гэты дакумент. Такім чынам была сарвана спроба лібералізацыі грамадства зверху.

У разгледжаны перыяд у расійскім грамадстве ішло станаўленне яшчэ адной палітычнай сілы, якая ў будучыні стала авангардам рэвалюцыйнай барацьбы, — рабочага класа. Нізкая тэхнічная аснашчанасць фабрык і заводаў і аграрная перанаселенасць цэнтральных раёнаў Расіі прывялі да таго, што капіталісты пагаршалі ўмовы працы пралетарыяту, уводзілі сістэмы штрафаў нават за невялікія правіны, прымушалі купляць дарагія прадукты ў фабрычных крамах. У выніку на фабрыках і заводах сталі праходзіць забастоўкі з патрабаваннямі павелічэння зарплат, адмены штрафаў. У асабліва цяжкіх умовах апынуліся рабочыя ў перыяд прамысловага крызісу пачатку 1880-х гг. Іх буйнейшым выступленнем у той перыяд стала Марозаўская стачка 1885 г. на вядучым баваўняным прадпрыемстве. Рабочыя грамілі фабрычныя карпусы, дамы і кватэры адміністрацыі.

Прапагандысцкую дзейнасць сярод прадстаўнікоў рабочага класа з сярэдзіны 1870-х гг. пачалі народнікі. Створаны яшчэ ў 1878 г. у Пецярбургу «Паўночны саюз рускіх рабочых» ужо выступаў за палітычныя свабоды. Пад уплывам рабочага руху ў 1886 г. былі прыняты фабрычныя законы «Правілы аб найме рабочых на фабрыкі, заводы і мануфактуры» і «Асаблівыя правілы аб узаемных адносінах фабрыкантаў і рабочых». Аднак заўважнага паляпшэння становішча рабочых не адбылося.

Пазней на глебе народніцкага руху аформіліся першыя марксісцкія гурткі. У 1890-я гг. пачалося іх аб’яднанне. У 1895 г. была створана арганізацыя сацыял-дэмакратаў «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа», а ў 1898 г. у Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Згуртаваннню сацыял-дэмакратаў садзейнічала створаная ў 1900 г. у Жэневе газета «Іскра». Вельмі важную ролю адыграла праца У. І. Леніна «Што рабіць?» (1902), дзе ён сфармуляваў ідэю новай партыі прафесійных рэвалюцыянераў, якія павінны ўзяць уладу ў краіне. На другім з’ездзе, які прайшоў у Лондане ў 1903 г., адбыўся яе раскол. У ходзе выбараў цэнтральных органаў партыі большасць — бальшавікі — падтрымалі У. І. Леніна, а меншасць — меншавікі — Ю. В. Мартава. Сацыялістычная рэвалюцыя і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту былі абвешчаны на з’ездзе канчатковай мэтай партыі. У якасці бліжэйшых задач былі зацверджаны звяржэнне самадзяржаўя, усталяванне дэмакратычных свабод, васьмігадзінны працоўны дзень і інш.

Левыя арганізацыі і партыі ўзнікалі таксама на ўскраінах Расійскай імперыі: у 1892 г. — «Польская сацыялістычная партыя», у 1897 г. —«Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз» (Бунд).

Канец ХIХ — пачатак ХХ ст. сталі перыядам актыўнага афармлення палітычных партый, якія выражалі інтарэсы розных груп насельніцтва. У 1900 г. была створана аграрна-сацыялістычная ліга, у 1902 г. — партыя рускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэры), у складзе якой мелася баявая арганізацыя. Эсэры выступалі за сацыялізацыю зямлі — перадачу яе сялянам, у адрозненне ад сацыял-дэмакратаў, якія настойвалі на яе нацыяналізацыі — перадачы дзяржаве.

У перыяд уздыму рэвалюцыі 1905—1907 гг. лібералы стварылі канстытуцыйна-дэмакратычную партыю (кадэты). Яны з’яўляліся прыхільнікамі ліберальна-дэмакратычнай традыцыі Расіі, выступалі за ўсталяванне канстытуцыйнай манархіі шляхам дэмакратычных рэформ, увядзення свабоды слова, друку і да т. п. Тая частка лібералаў, якая станоўча прыняла Маніфест 17 кастрычніка, стварыла партыю «Саюз 17 кастрычніка». У асноўным яна выражала інтарэсы буйных памешчыкаў, прадпрымальнікаў і чыноўнікаў.

Увесну 1905 г. узніклі і крайне правыя «чарнасоценныя» арганізацыі, якія выступалі за захаванне і ўмацаванне манархіі. Іх назва паходзіла ад ніжагародскіх «чорных (нізавых) сотняў» Кузьмы Мініна, якія вывелі Расію са стану Смутнага часу. Вярхі «чарнасоценцаў» складаліся з памешчыкаў, купцоў, святароў і прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Практычна ўсе палітычныя арганізацыі ў Расіі аказаліся непадрыхтаванымі да рэвалюцыі.