Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 2. Паняцце пра асяроддзе пражывання і пра навакольнае асяроддзе. Фактары асяроддзя і іх класіфікацыя

*Фактары асяроддзя і іх класіфікацыя

Асяроддзе пражывання кожнага арганізма складанае і зменлівае ў часе і прасторы. Яно ўключае мноства элементаў жывой і нежывой прыроды і элементаў, якія прыўносяцца чалавекам і яго гаспадарчай дзейнасцю. У экалогіі гэтыя элементы асяроддзя называюцца фактарамі. Усе фактары асяроддзя ў адносінах да арганізма нераўназначныя. Адны з іх уплываюць на яго жыццядзейнасць, а іншыя для яго нейтральныя.

Нейтральныя фактары — кампаненты асяроддзя, якія не ўплываюць на арганізм і не выклікаюць у яго ніякай рэакцыі. Напрыклад, для ваўка ў лесе абыякава прысутнасць вавёркі ці дзятла, наяўнасць гнілога пня ці лішайнікаў на дрэвах. Яны не робяць на яго ніякага ўздзеяння.

Экалагічныя фактары — уласцівасці і кампаненты асяроддзя пражывання, якія выклікаюць у арганізма прыстасавальныя рэакцыі — адаптацыі. Адаптацыя (ад лац. adaptatio — прыладжванне, прыстасаванне) — прымета або комплекс прымет, якія забяспечваюць выжыванне і размнажэнне арганізмаў у пэўным асяроддзі пражывання. Напрыклад, абцякальная форма цела рыб палягчае іх перамяшчэнне ў шчыльным водным асяроддзі. У некаторых відаў раслін засушлівых месцаў вада можа запасіцца ў лістах (алоэ) або сцёблах (кактус).

У асяроддзі пражывання экалагічныя фактары адрозніваюцца па значнасці для кожнага арганізма. Прысутнасць адных фактараў абавязковая і неабходная для жыцця арганізма, а іншых — не абавязковая. Напрыклад, атмасферны вуглякіслы газ не ўплывае на жыццядзейнасць жывёл, бо не паглынаецца імі пры дыханні з прычыны больш нізкага парцыяльнага ціску ў альвеолах лёгкіх, чым у крыві. Але ён абавязковы для жыцця раслін, паколькі выкарыстоўваецца пры фотасінтэзе. Такім чынам, для існавання арганізмаў любога віду патрабуюцца пэўныя экалагічныя фактары.

Умовы існавання (жыцця) — комплекс экалагічных фактараў, без якіх арганізм не можа існаваць у дадзеным асяроддзі.

Адсутнасць у асяроддзі пражывання хоць бы аднаго з фактараў гэтага комплексу прыводзіць да гібелі арганізма. Так, да ўмоў існавання расліннага арганізма належаць: наяўнасць вады, пэўнай тэмпературы, святла, вуглякіслага газу, мінеральных рэчываў. Для жывёльнага арганізма абавязковымі з’яўляюцца вада, пэўная тэмпература, кісларод, арганічныя рэчывы, а для пайкілатэрмнага  арганізма яшчэ і пэўная колькасць цяпла.

Усе астатнія экалагічныя фактары не з’яўляюцца жыццёва важнымі для арганізма, хоць і могуць уплываць на яго існаванне. Іх называюць другараднымі фактарамі. Напрыклад, для жывёл малекулярны азот не з’яўляецца жыццёва неабходным. Яны, як і ўсе гетэратрофныя арганізмы, не здольныя пераводзіць малекулярны азот атмасферы (N2) у яго звязаныя формы (NH3, нірыты і нітраты), як гэта робяць некаторыя групы пракарыёт — азотфіксуючыя бактэрыі і цыянабактэрыі.

Для існавання раслін неабавязкова наяўнасць арганічных рэчываў, паколькі яны з’яўляюцца аўтатрофамі. У іх сінтэз арганічных  рэчываў з неарганічных адбываецца пры фотасінтэзе з выкарыстаннем энергіі сонечнага святла, якая пераўтвараецца ў энергію сінтэзаваных арганічных рэчываў.

Экалагічныя фактары разнастайныя. Яны адыгрываюць розную ролю ў жыцці арганізмаў, маюць неаднолькавую прыроду і спецыфіку дзеяння. І хоць экалагічныя фактары ўздзейнічаюць на арганізм як адзіны комплекс, іх класіфікуюць па розных крытэрыях. Гэта палягчае вывучэнне заканамернасцей узаемадзеяння арганізмаў з асяроддзем пражывання.

Разнастайнасць экалагічных фактараў паводле прыроды паходжання ў асяроддзі пражывання дазваляе падзяліць іх на тры вялікія групы: абіятычныя, біятычныя, антрапагенныя. У кожнай з груп можна вылучыць некалькі падгруп фактараў.

Абіятычныя фактары — элементы нежывой прыроды, якія прама ці ўскосна ўплываюць на арганізм і выклікаюць у яго рэакцыю ў адказ. Іх падзяляюць на чатыры падгрупы:

1) кліматычныя фактары — усе фактары, якія фарміруюць клімат у дадзеным асяроддзі пражывання (святло, газавы састаў паветра, ападкі, тэмпература, вільготнасць паветра, атмасферны ціск, скорасць ветру);

2) эдафічныя (глебавыя) фактары (ад грэч. édaphos — глеба) — уласцівасці глебы, якія падзяляюцца на фізічныя (вільготнасць, камякаватасць, паветра- і вільгацепранікальнасць, шчыльнасць) і хімічныя (кіслотнасць, мінеральны састаў, утрыманне арганічнага рэчыва);

3) араграфічныя фактары (фактары рэльефу) — асаблівасці характару і спецыфіка рэльефу мясцовасці. Да іх належаць: вышыня над узроўнем мора, шырата, крутасць (вугал нахілу мясцовасці ў адносінах да гарызонту), экспазіцыя (становішча мясцовасці адносна старон свету);

4) геафізічныя фактары — фізічныя з’явы прыроды (гравітацыя, магнітнае поле Зямлі, іанізуючае і электрамагнітнае выпраменьванні).

Біятычныя фактары — элементы жывой прыроды, гэта значыць жывыя арганізмы, якія ўплываюць на дадзены арганізм і ў адказ выклікаюць у яго пэўныя рэакцыі. Яны носяць самы разнастайны характар і дзейнічаюць не толькі непасрэдна, але і ўскосна праз элементы неарганічнай прыроды. Біятычныя фактары падзяляюць на дзве падгрупы:

1) унутрывідавыя фактары — уплываючым фактарам з’яўляецца арганізм таго ж віду, што і дадзены арганізм (напрыклад, у лесе высокая бяроза зацяняе маленькую бярозку, у земнаводных пры высокай колькасці буйныя апалонікі выдзяляюць рэчывы, якія запавольваюць развіццё больш дробных апалонікаў);

2) міжвідавыя фактары — уплыў на дадзены арганізм робяць асобіны іншых відаў (напрыклад, густая яліна прыгнятае рост травяністых раслін пад яе кронай, клубеньчыкавыя бактэрыі дадаткова забяспечваюць азотам бабовыя расліны). Больш падрабязна дзеянне гэтых фактараў разглядаецца ў раздзеле 5 «Экасістэма — асноўная адзінка біясферы».

У залежнасці ад сістэматычнай прыналежнасці арганізма, які ўздзейнічае, біятычныя міжвідавыя фактары падзяляюць на чатыры асноўныя групы.

Антрапагенныя фактары — разнастайныя віды дзейнасці чалавека, якая ўплывае як на самі арганізмы, так і на іх месцапражыванне. У залежнасці ад спосабу ўздзеяння вылучаюць дзве падгрупы антрапагенных фактараў:

1) прамыя фактары — непасрэднае ўздзеянне чалавека на арганізмы (высечка дрэў, скошванне травы, пасадка лесу, адстрэл звяроў і птушак, развядзенне рыбы);

2) ускосныя фактары — апасродкаваны ўплыў чалавека на асяроддзе пражывання арганізмаў самім фактам свайго існавання і праз гаспадарчую дзейнасць. Як біялагічная істота чалавек паглынае кісларод і вылучае вуглякіслы газ, выкарыстоўвае харчовыя рэсурсы. Як сацыяльная істота ён уплывае праз сельскую гаспадарку, прамысловасць, транспарт, бытавую дзейнасць, забруджванне прыроднага асяроддзя і антрапагенную трансфармацыю прыродных ландшафтаў.

У залежнасці ад наступстваў уздзеяння гэтыя падгрупы антрапагенных фактараў, у сваю чаргу, падзяляюцца на фактары станоўчага і адмоўнага ўплыву. Фактары станоўчага ўплыву павялічваюць колькасць арганізмаў да аптымальнага ўзроўню ці паляпшаюць асяроддзе іх пражывання. Прыкладамі могуць служыць: пасадка і падкормліванне раслін, гадоўля і ахова жывёл, ахова навакольнага асяроддзя ў цэлым. Фактары адмоўнага ўплыву змяншаюць колькасць арганізмаў ніжэй за аптымальны ўзровень ці пагаршаюць асяроддзе іх пражывання. Да іх можна залічыць высечку лясоў, забруджванне навакольнага асяроддзя, разбурэнне месцапражыванняў, пракладку дарог і іншых камунікацый.

Паводле прыроды паходжання ўскосныя антрапагенныя фактары можна падзяліць на:

а) фізічныя — радыеактыўнае, электрамагнітнае выпраменьванні, розныя віды тэхнікі;
б) хімічныя — прадукты згарання паліва, пестыцыды, цяжкія металы;
в) біялагічныя — хваробатворныя бактэрыі і вірусы, паразітычныя чэрві і насякомыя, пустазелле;
д) сацыяльныя — рост гарадоў і камунікацый, міжрэгіянальныя канфлікты і войны.  

Наступствы дзеяння антрапагенных фактараў больш падрабязна разглядаюцца ў раздзеле 7 «Чалавек і біясфера».

*Паўторым галоўнае. Навакольнае асяроддзе — сукупнасць усіх умоў, у якіх існуе жыццё на планеце Зямля. Асяроддзе пражывання — частка прыроды, з якой арганізм непасрэдна ўзаемадзейнічае на працягу свайго жыцця. Яна ўключае нейтральныя і экалагічныя фактары. Экалагічныя фактары — уласцівасці і кампаненты асяроддзя пражывання, якія выклікаюць у арганізма прыстасавальныя рэакцыі — адаптацыі. Паводле значнасці для арганізма экалагічныя фактары падзяляюць на ўмовы існавання і другарадныя фактары. Паводле прыроды паходжання іх падзяляюць на тры групы: абіятычныя (кліматычныя, эдафічныя, араграфічныя, геафізічныя), біятычныя (унутрывідавыя, міжвідавыя) і антрапагенныя (прамыя, ускосныя) фактары. Біятычныя міжвідавыя фактары ў залежнасці ад сістэматычнай прыналежнасці падзяляюць на чатыры падгрупы: фітагенныя, заагенныя, мікагенныя і мікробагенныя. Ускосныя антрапагенныя фактары паводле прыроды паходжання могуць быць фізічнымі, хімічнымі, біялагічнымі ці сацыяльнымі. Кожная падгрупа антрапагенных фактараў па выніках уздзеяння на арганізм падзяляецца на фактары станоўчага і адмоўнага ўплыву.