Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 6–7-1. Расійская імперыя ў XIX — пачатку XX ст.: эканамічнае развіццё і рэформы

2. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Расіі ў першай палове XIX ст.

У першай палове ХIX ст. Расія заставалася аграрнай краінай. У сельскай мясцовасці пражывала каля 90 % насельніцтва. Расійская імперыя ўключала вялізныя і разнастайныя ў прыродных адносінах тэрыторыі, што дало магчымасць сфарміраваць самадастатковы ўнутраны рынак. Асобныя рэгіёны Расіі сталі спецыялізавацца на вытворчасці пэўнай прадукцыі: з поўдня імперыі пастаўлялася пераважна збожжа, на паўночным усходзе развіваліся жывёлагадоўля і гарбарны промысел, у цэнтры і на паўночным захадзе — тэкстыльная вытворчасць.

«Прыгонная» мануфактурная прамысловасць у цэлым задавольвала патрэбы дзяржавы ў прамысловай прадукцыі, але прамысловы пераварот на Захадзе вывеў заходнюю тэхнічна аснашчаную прамысловасць на такі ўзровень, што руская прамысловая вытворчасць стала імкліва адставаць. У Нечарназем’і, дзе былі дастаткова развіты мясцовыя промыслы, пачала развівацца новая «сялянская» мануфактура, якую стваралі сяляне-прамыславікі. У такой мануфактурнай прамысловасці сталі выкарыстоўваць наёмную працу сялян-адхаднікоў — тых, хто часова, пераважна ў «нерабочыя» ў вёсцы зімовыя месяцы, сыходзіў з вёсак у гарады, каб зарабіць на аброк памешчыку. Аднак памешчыкі маглі ў любы момант вярнуть сялян-адхаднікоў з горада. Гэта тармазіла фарміраванне кваліфікаваных наёмных кадраў. У «сялянскіх» мануфактурах асвойвалася новая тэхніка, ажыццяўляўся пераход да фабрычнай вытворчасці. Прамысловы пераварот у Расійскай імперыі пачаўся з вялікім спазненнем — толькі ў 1840-я гг.

У Расіі, як і на Захадзе, паступова адбывалася канцэнтрацыя капіталу шляхам акцыянавання прамысловых прадпрыемстваў. Найбольш распаўсюджанай формай манапалістычных аб’яднанняў з’яўляліся сіндыкаты.

Унутранае перамяшчэнне тавараў ажыццяўлялася ў асноўным па рачных шляхах і гужавых дарогах, працягвалася пачатае яшчэ Пятром I будаўніцтва каналаў, а ў 1837 г. пачалося будаўніцтва чыгунак.

Развіваўся і знешні гандаль, у якім урад праводзіў пратэкцыянісцкую палітыку, вываз тавараў (пераважна сельскагаспадарчай прадукцыі) значна перавышаў увоз.

З фарміраваннем унутранага і знешняга рынкаў, развіццём гандлю, пераходам ад натуральнай гаспадаркі да рыначнай памешчыкі сталі думаць ужо не аб забеспячэнні сваіх патрэб і мінімальных патрэб сялян, але аб максімальным нарошчванні таварнага прадукту, які можна было б прадаць. Гэта вяло да ўзмацнення эксплуатацыі сялян. Памешчыкі ў чарназёмных абласцях павялічвалі паншчыну, у нечарназёмных — аброк. У цэнтральнай частцы Расіі назіралася аграрная перанаселенасць — зямельны надзел (3—4 га) не забяспечваў харчовыя патрэбы сялянскіх сем’яў (8—10 чалавек). Усё гэта прыводзіла не толькі да збяднення сялянскіх гаспадарак, але і да падрыву саміх асноў прыгонніцтва.

У 1803 г. Аляксандр I падпісаў «Указ аб вольных хлебаробах», які даваў памешчыкам права адпускаць сялян на волю з прадастаўленнем ім зямельных участкаў, бязвыплатна або на агавораных умовах. Аднак за ўвесь час дзеяння ўказа асабістую свабоду атрымалі ўсяго 1,5 % прыгонных сялян.

У 1837 г. Мікалай I стварыў Міністэрства дзяржаўных маёмасцей, якое арганізавала перасяленне дзяржаўных сялян з густанаселеных раёнаў, павялічыла іх зямельныя надзелы, знізіла падаткі, стварыла медыцынскія і навучальныя ўстановы. Цар спыніў практыку раздачы дзяржаўных сялян памешчыкам у якасці ўзнагароды за службу, што прывяло да істотнага зніжэння колькасці прыгонных, забараніў адпраўку сялян на катаргу, а таксама іх продаж паасобку, з разбурэннем сем’яў. У 1842 г. Мікалай I прыняў «Указ аб абавязаных сялянах». Ён дазваляў памешчыкам вызваляць сялян, надзяліўшы іх зямлёй, за якую селянін павінен быў разлічвацца, выплачваючы аброк (грашыма або прадуктамі). Вызваленыя такім чынам сяляне называліся абавязанымі. Гэты ўказ быў праігнараваны памешчыкамі і не прывёў да масавага прадастаўлення вольных грамат.

У 1847 г. Мікалай I ажыццявіў інвентарную рэформу, якая заключалася ў вопісе памешчыцкіх маёнткаў і ўсталяванні максімальнай нормы паншчыны і аброку, што павінна было абмежаваць эксплуатацыю сялян. Аднак гэтая рэформа ахапіла ўсяго толькі некалькі губерняў. На ўсю краіну гэтыя новаўвядзенні так і не распаўсюдзіліся.