Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 2. Паняцце пра асяроддзе пражывання і пра навакольнае асяроддзе. Фактары асяроддзя і іх класіфікацыя

Паняцце пра асяроддзе пражывання і пра навакольнае асяроддзе

Такія паняцці, як «асяроддзе пражывання» і «навакольнае асяроддзе», з пункту гледжання эколагаў не з’яўляюцца раўназначнымі.

Калі гаворка ідзе пра асяроддзе ў шырокім сэнсе слова, то ўжываюць паняцце «навакольнае асяроддзе». Навакольнае асяроддзе — сукупнасць усіх умоў, у якіх існуе жыццё на планеце Зямля. Амерыканскі біёлаг П. Эрліх вельмі вобразна ахарактарызаваў навакольнае асяроддзе. Ён пісаў: «Наша навакольнае асяроддзе — адзіная ў сваім родзе “скура” з глебы, вады і газападобнай атмасферы, мінеральных пажыўных рэчываў і жывых арганізмаў, якая пакрывае нічым у астатнім асабліва не паказальную планету».

Аднак такое паняцце не лагічна ўжываць у адносінах да асобна ўзятага арганізма. У гэтым выпадку выкарыстоўваюць тэрмін «асяроддзе пражывання». Асяроддзе пражывання — частка прыроды, якая акружае арганізм і з якой ён непасрэдна ўзаемадзейнічае на працягу свайго жыццёвага цыкла.