Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

4. Прыток імігрантаў і іх амерыканізацыя

Рост колькасці насельніцтва ЗША быў абумоўлены галоўным чынам прытокам імігрантаў. У час Вялікага голаду 1845—1849 гг. у ЗША імігравала каля 2 млн ірландцаў-католікаў. У 1864 г. быў прыняты закон, які заахвочваў імігрантаў у ЗША. У 1870—1913 гг. у ЗША і Аўстралію імігравала 17,5 млн еўрапейцаў. Імігранты прыбывалі галоўным чынам з Англіі і Германіі. Такім чынам Амерыка набывала неабходныя для індустрыялізацыі кваліфікаваныя рабочыя рукі і тэхнічных спецыялістаў.

Росту насельніцтва ЗША перад Першай сусветнай вайной садзейнічала новая хваля іміграцыі — некваліфікаваных, нізкааплатных рабочых, перасяленцаў з Італіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі. У 1900 г. насельніцтва Злучаных Штатаў дасягнула 71 млн, а ў 1913 г. — 96,5 млн чалавек.

Асіміляцыя ў ЗША аблягчалася тым, што ні адна этнічная група не складала большасці ў тым ці іншым раёне. Гэта паскарала і фізічнае змешванне, і ўзаемадзеянне культур. Імігранты паступова страчвалі нацыянальныя асаблівасці і родную мову. Узнік сплаў больш ці менш розных нацыянальнасцей. У адпаведнасці з мадэллю «плавільнага катла» фарміраванне амерыканскай нацыянальнай ідэнтычнасці ў XX ст. павінна было ісці па формуле «сплаўлення», змешвання, перапляцення розных этнічных элементаў і культурных традыцый.