Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 25-2. Стварэнне Еўрапейскага саюза

1. Інтэграцыйныя працэсы і стварэнне Еўрапейскага саюза

У эканамічна-фінансавым сэнсе аб’яднанне Еўропы адбылося яшчэ ў ходзе Другой сусветнай вайны: нацыянальныя сегменты эканомікі былі пастаўлены пад кантроль нямецкага фінансавага капіталу. Ключавое значэнне мела захаванне моцных сувязей нямецкіх алігархаў і банкіраў Вялікабрытаніі і ЗША на аснове створанага ў 1930 г. Банка міжнародных разлікаў (БМР). Гэта быў прыватны банк, заснавальнікамі якога сталі цэнтральныя банкі Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Японіі, а таксама група банкаў ЗША. Дагавор аб стварэнні БМР гарантаваў яго незалежнасць ад урадаў і падатакаабкладання як у мірны, так і ў ваенны час. Да пачатку Другой сусветнай вайны гэты банк цалкам перайшоў пад кантроль нацысцкай Германіі. Банк міжнародных разлікаў дзейнічаў на працягу ўсёй вайны і пасля яе завяршэння. У пасляваенны перыяд ён стаў еўрапейскім дапаможным органам Міжнароднага валютнага фонду. Рэгулюючая роля БМР асабліва ўзрасла ў перыяд стварэння Еўрасаюза і яго фінансавых органаў.

На гэтай эканамічнай і фінансавай аснове ўжо пасля вайны пачала будавацца палітычная еднасць Еўропы. На фоне пасляваеннай дыскрэдытацыі нацыяналізму еўраінтэграцыя грунтавалася на ідэі еўрапейскага наднацыянальнага федэратыўнага адзінства.

Рэгіянальная інтэграцыя ў Заходняй Еўропе ў другой палове XX ст. складвалася ва ўмовах фарміравання біпалярнай сістэмы міжнародных адносін і краху каланіялізму. Аб’яднаная Заходняя Еўропа была патрэбная ЗША як палітычны саюзнік у «халоднай вайне» супраць СССР, а таксама як рынак збыту тавараў і сфера інтарэсаў амерыканскіх транснацыянальных кампаній. Згодна з «планам Маршала» ў 1948—1951 гг. на тэрыторыю заходнееўрапейскіх краін не толькі пастаўляліся амерыканскія тавары на льготных умовах, але і адбывалася распаўсюджванне праамерыканскай ідэалогіі.

Прапановы па фарміраванні наднацыянальнага органа, якому дэлегаваліся паўнамоцтвы нацыянальных міністэрстваў у пытаннях вытворчасці стратэгічна важных тады вугалю і сталі і развіцця металургіі, былі распрацаваны вядомым французскім палітычным дзеячам Ж. Манэ, а агучыў іх пасля атрымання згоды ад канцлера ФРГ К. Адэнаўэра ў 1950 г. міністр замежных спраў Францыі Р. Шуман («план Шумана»). Гэта быў пачатак стварэння еўрапейскай федэрацыі на аснове «галіновага будаўніцтва».

Паспяховае прасоўванне эканамічнай інтэграцыі выклікала спробы распаўсюджвання інтэграцыйннага працэсу на палітычную і абарончую сферы. Ж. Манэ распрацоўваў і праект стварэння аб’яднанай еўрапейскай арміі пад наднацыянальным камандаваннем. На аснове гэтага плана ў 1950 г. было прапанавана стварыць Еўрапейскую абарончую супольнасць (ЕАС) у рамках НАТА. Пачалося таксама абмеркаванне праекта стварэння Еўрапейскага палітычнага саюза. Аднак гэтыя планы праваліліся. Парадаксальным чынам поспех эканамічнай інтэграцыі ў Еўропе быў звязаны з правалам інтэграцыі ў ваеннай сферы. У выніку да гэтага часу аб’яднаная Еўропа абапіраецца ў сферы абароны на атлантычную структуру — НАТА, а «еўрапейская армія» ўсё яшчэ ствараецца. Такім чынам забяспечваецца накіраванасць інтэграцыі пад кантролем ЗША.