§ 1. Агульныя ўласцівасці жывых арганізмаў
Размнажэнне
Любы від у прыродзе складаецца з асобін, існаванне кожнай з якіх абмежавана ў часе. Рана ці позна жыццё асобна ўзятай асобіны спыніцца, але від не перастане існаваць. Выжыванне віду забяспечваецца з’яўленнем патомства шляхам бясполага або палавога размнажэння асобін, што існуюць (бацькоў). Размнажэнне — уласцівасць арганізмаў нараджаць сабе падобных з захаваннем галоўных прымет віду. Дзякуючы размнажэнню забяспечваецца бесперапыннасць і пераемнасць жыцця на Зямлі. У аснове размнажэння ляжыць самаўзнаўленне новых малекул і структур, абумоўленае спадчыннай інфармацыяй, якая знаходзіцца ў храмасомах бацькоўскіх клетак. Самаўзнаўленне цесна звязана са з’явай спадчыннасці. Калі новы арганізм развіваецца на аснове набору храмасом, ідэнтычнага набору адной бацькоўскай асобіны (бясполае размнажэнне), ён будзе яе поўнай копіяй — напрыклад, пры вегетатыўным размнажэнні ў раслін. У арганізма, які змяшчае храмасомы двух бацькоў рознага полу (палавое размнажэнне), акрамя прымет абодвух бацькоў, могуць з’яўляцца новыя прыметы як вынік утварэння новай камбінацыі спадчыннай інфармацыі. Напрыклад, у каравокіх бацькоў можа нарадзіцца дзіця з блакітнымі вачамі.