§ 29. Распад каланіяльнай сістэмы
5. Перашкоды на шляху развіцця
У той час як некаторыя краіны, якія сталі на шлях развіцця, дасягнулі пэўнага прагрэсу ў сферы мадэрнізацыі, іншыя не атрымалі адчувальных вынікаў. Чаму ж яны не змаглі дасягнуць пастаўленых мэт? Прычыны розныя, але галоўным з’яўляецца тое, што многія дзяржавы сутыкнуліся з такімі цяжкавырашальнымі праблемамі, як рост насельніцтва, эканамічная залежнасць ад развітых дзяржаў, унутрыпалітычная нестабільнасць.
У некаторых рэгіёнах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі геаграфічныя ўмовы сталі сур’ёзнай перашкодай на шляху прагрэсу. Асобныя дзяржавы маюць невялікую тэрыторыю і таму адчуваюць недахоп прыродных рэсурсаў, неабходных для самастойнага развіцця. Складаныя кліматычныя ўмовы, залежнасць ад ападкаў, недахоп прыдатнай для сельскай гаспадаркі зямлі і захворванні ствараюць дадатковыя праблемы.
Рост насельніцтва, які пачаўся ў ХVIII ст., прадоўжыўся паўсюдна і ў наступныя стагоддзі. Паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання і якасці харчавання прывяло да зніжэння смяротнасці і дэмаграфічнага выбуху. Аднак хуткі прырост насельніцтва ў свеце быў адной з прычын росту беднасці і галечы. У такіх краінах, як Нігерыя, Егіпет або Індыя, насельніцтва штогод павялічваецца на некалькі мільёнаў чалавек. У Інданезіі, напрыклад, пры існуючых тэмпах нараджальнасці да сярэдзіны ХХІ ст. на в. Ява застанецца па 80 квадратных сантыметраў на чалавека. Рост насельніцтва прывёў да таго, што каля паловы людзей, якія жывуць на планеце, маладзейшыя за 25 гадоў. У дзяржавах, якія сталі на шлях развіцця, гэты працэнт можа быць яшчэ вышэйшы.
У краінах трэцяга свету сотні мільёнаў людзей жывуць у галечы. Каля 35 млн чалавек штогод паміраюць ад хвароб, якія ўзнікаюць з-за голаду. Больш за ўсё пакутуюць дзеці. Паводле дадзеных ААН, штодня дзясяткі тысяч дзяцей паміраюць ад недаядання, хвароб і іншых наступстваў галечы.
Многія краіны, якія сталі на шлях развіцця, спрабуюць замарудзіць рост насельніцтва, але толькі некаторым, у тым ліку Кітаю, атрымалася прымусіць людзей абмежаваць памер сям’і. У многіх традыцыйных культурах краін Азіі і Афрыкі наяўнасць дзяцей з’яўляецца паказчыкам сацыяльнага статусу. У аграрных грамадствах дзеці — крыніца рабочай сілы, яны ўспрымаюцца як гарантыя ўтрымання і падтрымкі сваіх бацькоў у старасці. Часта стварэнне вялікіх сем’яў стымулюецца рэлігійнымі традыцыямі.
Эканамічныя адносіны, якія ўстанавіліся ў эпоху імперыялізму, істотна не змяніліся і пасля 1945 г. Большасць новых краін захавалі залежнасць ад сваіх былых каланіяльных метраполій. Яны па-ранейшаму пастаўляюць сельскагаспадарчую прадукцыю і сыравіну індустрыяльнаму свету і залежаць ад заходніх прамысловых тавараў, тэхналогій і інвестыцый. Акрамя гэтага, у многіх новых краінах наладжана вытворчасць аднаго віду прадукцыі, напрыклад цукру, какавы або медзі, таму іх эканомікі знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад сусветнай патрэбы ў тым ці іншым прадукце. Большая частка прыродных рэсурсаў краін, якія развіваюцца, ідзе на выплату працэнтаў па даўгах.
Пасля атрымання незалежнасці многія новыя дзяржавы разлічвалі, што менавіта сацыялістычны, а не капіталістычны шлях развіцця дапаможа ім хуткімі тэмпамі мадэрнізаваць эканоміку. Сваю эканамічную палітыку яны будавалі па прыкладзе Кітая ці СССР, якія дамагліся хуткага індустрыяльнага росту за кароткі час. У 1950—1960-я гг. ім удалося ажыццявіць пэўны прарыў. Але ў доўгатэрміновай перспектыве жорсткія абмежаванні сацыялізму часта перашкаджалі эканамічнаму росту. Пад ціскам Захаду ў 1980-я гг. многія краіны, якія сталі на шлях развіцця, увялі палітыку свабоднага рынку.
Вырашэнню сацыяльных праблем і эканамічнаму развіццю перашкаджаюць грамадзянскія войны і іншыя канфлікты. Сальвадор у Цэнтральнай Амерыцы, Ліван на Блізкім Усходзе, Камбоджа ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Мазамбік у Афрыцы знаходзяцца ў ліку краін, тэрыторыя якіх была спустошана грамадзянскімі войнамі. Ваенныя дыктатары і аўтарытарныя кіраўнікі трацілі велізарныя сумы на ўзбраенне, а не на адукацыю, жыллё або ахову здароўя. Лакальныя войны сталі прычынай з’яўлення мільёнаў бежанцаў, якія жывуць у лагерах у сваёй краіне ці за яе межамі.