Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 8–3. Развіццё сельскай гаспадаркі ў 60-я гг. XIX – пачатку XX ст.

2. Асаблівасці развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі. Перажыткі прыгонніцтва. Змешаная сістэма гаспадарання

Пасля аграрнай рэформы 1861 г. для беларускіх зямель, як і ва ўсёй Расіі, былі характэрныя тры віды гаспадаркі: адпрацоўная, капіталістычная і змешаная.

Капіталістычная сістэма гаспадарання заключалася ў найме рабочых, якія апрацоўвалі зямлю інвентаром і цяглавай сілай землеўладальніка. У такіх гаспадарках уводзіліся шматпольныя севазвароты, больш дасканалыя прылады працы (жалезныя плугі, бароны) , а ў некаторых — нават сельскагаспадарчыя машыны, займаліся развядзеннем пародзістых жывёл.

Але, нягледзячы на значныя поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі на беларускіх землях, пераход да капіталістычных адносін да пачатку XX ст. не завяршыўся. Большасць памешчыкаў не мела неабходнага інвентара, коней, угнаенняў, а таксама вопыту вядзення гаспадаркі ў рынкавых умовах. Не быў яшчэ і сфарміраваны клас наёмных рабочых. Каб забяспечыць сябе рабочай сілай, памешчыкі сталі шырока выкарыстоўваць сістэму «адпрацовак», пры якой сяляне, якія трапілі ў даўжнікі да пана, вымушаныя былі працаваць на яго гаспадарцы. На адпрацоўках сяляне-сераднякі выкарыстоўвалі свой прымітыўны інвентар і сваю рабочую жывёлу; сяляне-беднякі, у якіх не было каня, працавалі на сенажацях, жніве, малацьбе. Іх праца не была прадукцыйнай. Такая сістэма вядзення гаспадаркі прыводзіла да нізкай ураджайнасці сельскагаспадарчых культур, рабіла яе адсталай і неканкурэнтаздольнай.

Адпрацовачная сістэма больш за ўсё была распаўсюджана ў тых гаспадарках, дзе памешчыкі не змаглі перастроіцца і выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу. Але не была яна да канца зжыта нават у перадавых памешчыцкіх гаспадарках, якія ўступілі на шлях капіталістычнага развіцця.

Гаспадарка большай часткі сялян моцна адставала ад узроўню памешчыцкай. Вельмі нізкай заставалася ўраджайнасць іх палёў, слаба развівалася жывёлагадоўля. Асноўная маса сялян па-ранейшаму прытрымлівалася трохпольная сістэмы севазвароту. Зямля апрацоўвалася састарэлымі прыладамі працы — драўлянай сахой і бараной, канём або валом. Асноўнымі прычынамі такой адсталасці сялянскіх гаспадарак было малоземелле, захаванне супольнай сістэмы ва ўсходніх беларускіх губернях, цераспалосіцы, высокіх выкупных плацяжоў, выкананне шматлікіх павіннасцей на карысць дзяржавы, адпрацовак у памешчыцкіх гаспадарках.

Такі шлях развіцця капіталізму, які характарызуецца павольнымі тэмпамі развіцця пры працяглым захаванні перажыткаў старога феадальнага ладу (памешчыцкай уласнасці на зямлю і сялянскіх адпрацовак), прынята называць «прускім».