Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 24. Навукова-тэхнічны прагрэс і фарміраванне постіндустрыяльнага грамадства

3. Зялёная рэвалюцыя

Важнай з’явай другой паловы ХХ ст. стала Зялёная рэвалюцыя. Яна ўяўляла сабой сукупнасць разнастайных агратэхнічных інавацый у сельскай гаспадарцы, накіраваных на паляпшэнне ўрадлівасці глебы і павышэнне прадукцыйнасці працы. Гаворка ідзе перш за ўсё аб шырокім выкарыстанні хімічных угнаенняў, вывядзенні больш прадуктыўных гатункаў раслін, ужыванні сучаснай тэхнікі і пашырэнні плошчаў, якія падлягаюць арашэнню.

Зялёная рэвалюцыя была выклікана неабходнасцю пракарміць насельніцтва планеты, якое няспынна расце. Яна стала магчымай дзякуючы бурнаму павелічэнню прамысловасці і развіццю навукі. Найбольшую патрэбу ў прадукцыі сельскай гаспадаркі адчувалі краіны, якія імкліва развіваюцца. Таму Зялёная рэвалюцыя закранула ў найбольшай ступені перанаселеныя краіны Азіі і Афрыкі, якія сталі на шлях незалежнага развіцця пасля Другой сусветнай вайны, напрыклад Індыю, якая, па многіх ацэнках, да пачатку 1960-х гг. знаходзілася на парозе масавага голаду.

Зялёная рэвалюцыя спрыяла павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, змякчэнню харчовай праблемы ў краінах, якія развіваліся. Асабліва паспяховай яна была ў Мексіцы, Індыі, на Філіпінах, у Пакістане. Да канца ХХ ст. Індыя ператварылася ў найбуйнейшага сусветнага экспарцёра рысу. Менш паспяховай рэвалюцыя была ў большасці афрыканскіх краін.

Зялёная рэвалюцыя ажыццяўлялася з дапамогай амерыканскага капіталу і тэхналогій. Ля яе вытокаў стаялі два дабрачынныя фонды — Форда і Ракфелера. Абодва фонды, паводле статуту, ставілі сваёй мэтай падтрымку дэмакратыі і зніжэнне ўзроўню беднасці ў краінах, якія развіваюцца. Прадстаўленая імі праграма Зялёнай рэвалюцыі мела ярка выяўленую палітычную скіраванасць. Яна мела на мэце забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання і з прычыны гэтага ўмацаванне сацыяльнай стабільнасці, каб перашкодзіць распаўсюджванню камуністычных ідэй у краінах трэцяга свету. Выключна тэхналагічныя рашэнні праблем сельскай гаспадаркі былі задуманы ў якасці альтэрнатывы аграрным рэформам сацыялістычнага характару. Неверагодны рост ураджайнасці ў выніку прымянення найноўшых агратэхнічных дасягненняў амерыканскія ўлады назвалі ў 1968 г. Зялёнай рэвалюцыяй у процівагу «гвалтоўнай чырвонай рэвалюцыі» ў СССР і «белай рэвалюцыі шаха» ў Іране. Сёння пашыраецца выкарыстанне расліннай сыравіны для вытворчасці біяпаліва. Гэта пагражае скарачэннем плошчаў пад харчовымі культурамі ў сельскай гаспадарцы. Між тым у сувязі з ростам насельніцтва ў шэрагу краін склалася вельмі неспрыяльная сітуацыя з наяўнасцю пасяўных плошчаў. Напрыклад, прагназуецца, што на востраве Ява да 2050 г. на аднаго чалавека будзе прыпадаць 50 см2  тэрыторыі.

Зялёная рэвалюцыя сапраўды змякчыла вастрыню сацыяльнай напружанасці ў многіх краінах, якія сталі на шлях развіцця, прыкметна аслабіла сацыялістычныя рухі. Аднак з яе дапамогай поспехі былі дасягнуты толькі ў рэгіёнах з мяккім і вільготным кліматам. Акрамя таго, спатрэбіліся немалыя выдаткі на хімічныя ўгнаенні, пестыцыды і ірыгацыйныя збудаванні, якія маглі дазволіць сабе толькі багатыя фермеры — уладальнікі буйных аграрных гаспадарак. Таму большасць сялян не атрымалі выгады ад новых агратэхналогій. Больш за тое, не здольныя канкурыраваць з буйнымі аграрнымі гаспадаркамі, яны былі вымушаныя прадаваць свае зямельныя ўчасткі.

Шырокае прымяненне ядахімікатаў у сельскай гаспадарцы прывяло да збяднення і дэградацыі глеб. Развіццё земляробства застаецца нестабільным з-за вычарпання падземных вод, забруджвання навакольнага асяроддзя і змены клімату. З-за гэтых негатыўных працэсаў на 40 % скарацілася сусветная папуляцыя пчол, многія землі становяцца непрыдатнымі для вырошчвання какава-бабоў. Рост насельніцтва Зямлі запатрабуе да сярэдзіны ХХІ ст. павялічыць вытворчасць прадуктаў харчавання на 60 %. Ці справіцца Зялёная рэвалюцыя з гэтай задачай — пытанне, на якое няма адназначнага адказу.