Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны

5. Працэсы інтэграцыі і дэзінтэграцыі ў сучасным свеце

Пасля Другой сусветнай вайны была ўсталявана Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносін, вызначаны новыя межы для цэлага шэрагу дзяржаў. Узнікла большасць вядомых нам сёння міжнародных арганізацый. Глабалізацыя ахапіла эканамічную, палітычную і культурную сферы, што найбольш наглядна адлюстравана ў створаных міжнародных арганізацыях. У эканамічнай сферы гэта Сусветная гандлёвая арганізацыя, Сусветная мытная арганізацыя і інш. Сферу эканамічнай інтэграцыі захопліваюць і транснацыянальныя карпарацыі (ТНК), якія валодаюць вытворчымі падраздзяленнямі ў некалькіх краінах свету.

Прыкладам культурнай, рэлігійнай інтэграцыі можа служыць Сусветны савет цэркваў — міжнародная экуменічная арганізацыя, дзейнасць якой накіравана на збліжэнне розных хрысціянскіх канфесій.

Акрамя глабалізацыі інтэграцыйныя працэсы ў свеце выражаны і рэгіяналізацыяй. З аднаго боку, у сувязі з гэтым узніклі агульнасусветныя міжнародныя арганізацыі, якія ахопліваюць усе або некалькі рэгіёнаў свету, напрыклад, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. З іншага боку, узнікаюць рэгіянальныя арганізацыі, якія ахопліваюць розныя рэгіёны свету. У прыватнасці, МЕРКАСУР — агульны рынак краін Паўднёвай Амерыкі, эканамічнае і палітычнае пагадненне паміж Аргенцінай, Бразіліяй, Уругваем; Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Еўрапейскі саюз.

Еўрасаюз унікальны з пункта гледжання інтэграцыйных і дэзінтэграцыйных працэсаў. Ён дасягнуў максімальнага ўзроўню інтэграцыі, якая выйшла на наднацыянальны ўзровень. Разам з тым натуральнае развіццё працэсу рэгіяналізацыі прывяло да выпрацоўкі канцэпцыі «Еўропы рэгіёнаў», якая адлюстроўвае ўзрослае значэнне этнарэгіёнаў, што прывяло да дэзінтэграцыйных працэсаў у рамках дзяржаў. У сувязі з неабходнасцю выраўноўвання і пераадолення разрыву ў развіцці асобных рэгіёнаў ва ўмовах узнікнення агульнага рынку ў Еўропе, з аднаго боку, сталі адбывацца перадача рэгіёнам максімальных паўнамоцтваў і замацаванне іх прамых адносін з інстытутамі ЕС. З іншага боку, ствараюцца трансгранічныя рэгіёны для размывання межаў і забеспячэння гарызантальнага «зрошчвання» рэгіёнаў, што часта суправаджаецца іх адчужэннем ад тэрыторыі ўласных дзяржаў. Патрабаванне дасягнення адзінства этнасу апраўдвае неабходнасць сцірання межаў паміж прыгранічнымі рэгіёнамі.

У ходзе «халоднай вайны» і ў выніку «аксамітных рэвалюцый» дэзінтэграцыйныя і інтэграцыйныя працэсы закранулі цэлы шэраг дзяржаў: была аб’яднана Германія, распаліся Чэхаславакія і Югаславія, зніклі такія міжнародныя арганізацыі як Савет эканамічнай узаемадапамогі і Арганізацыя Варшаўскага дагавора.

Пасля перамогі Захаду ў «халоднай вайне» быў усталяваны аднапалярны свет на чале з ЗША. Працэсы сусветнай эканамічнай, палітычнай, культурнай і рэлігійнай інтэграцыі і ўніфікацыі, гэта значыць глабалізацыі, сталі ісці на амерыканскі ўзор.

Сёння свет усё яшчэ нестабільны, ідуць працэсы перафарматавання карты свету, змены дзяржаўных межаў. Цэлы шэраг «каляровых рэвалюцый», узброены канфлікт у Паўднёвай Асеціі ў 2008 г., грамадзянская вайна ў Лівіі 2011, 2014—2020 гг., грамадзянская вайна ў Сірыі 2011—2020 гг., далучэнне Крыма да Расійскай Федэрацыі ў 2014 г., узброены канфлікт на ўсходзе Украіны 2014—2020 гг., вайна ў Нагорным Карабаху ў 2020 г. характарызуюць стан міжнародных адносін. На парадку дня стаіць пытанне аб неабходнасці ўсталявання новай міжнароднай сістэмы (так званай Ялты-2) і замацавання ў міжнародна-прававой сферы прынцыпу непарушнасці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў (Хельсінкі-2), як гэта было пасля Другой сусветнай вайны.