Печатать эту главуПечатать эту главу

§ 21—22-1. Другая сусветная вайна і яе вынікі

2. Пачатак Другой сусветнай вайны

Адна з самых страшных войнаў у гісторыі чалавецтва пачалася з нападу нацысцкай Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 г. Англія і Францыя як саюзнікі Польшчы адразу ж аб’явілі вайну агрэсару. Такім чынам, Другая сусветная вайна выбухнула ўнутры блока заходнееўрапейскіх дзяржаў.

Аднак рэальнай дапамогі свайму саюзніку Англія і Францыя не аказалі. Германія таксама не вяла супраць іх актыўных баявых дзеянняў. Польшча апынулася сам-насам з агрэсарам і, нягледзячы на гераічнае супраціўленне, была акупіравана нямецкімі войскамі. Такая дзіўная пазіцыя Англіі і Францыі стала вынікам іх ранейшай згодніцкай палітыкі ў дачыненні да нацысцкай Германіі. Яны ўсё яшчэ спадзяваліся на тое, што Гітлер паверне свае сілы супраць Савецкага Саюза, і не пачыналі баявыя дзеянні супраць агрэсара. З гэтай прычыны пачатковы этап Другой сусветнай вайны атрымаў назву «дзіўная вайна».

Між тым Германія, не сустрэўшы супраціўлення, працягнула свае агрэсіўныя дзеянні. У красавіку 1940 г. нямецкія войскі захапілі Нарвегію і Данію. І ўжо ў маі «дзіўная вайна» ў Еўропе скончылася, калі германскія войскі напалі адначасова на Францыю, Бельгію, Галандыю, Люксембург і хутка акупіравалі гэтыя краіны. Французская армія пратрымалася ўсяго 17 дзён. Францыя капітулявала і пайшла на супрацоўніцтва з Германіяй. Пасля гэтага ў вайну ўступіла Італія, а ў верасні 1940 г. было падпісана пагадненне аб ваенным саюзе Германіі, Італіі і Японіі — «Траісты пакт». Да яго неўзабаве далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, Балгарыя і некаторыя іншыя краіны.

Савецкае кіраўніцтва выкарыстала вайну ў Еўропе ў мэтах умацавання бяспекі і абараназдольнасці краіны.

У перыяд нямецкай кампаніі ў Польшчы СССР узяў пад сваю абарону насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Вызваленчы паход Чырвонай арміі, які пачаўся 17 верасня 1939 г., прывёў да ўз’яднання беларускага народа ў складзе БССР і ўкраінскага народа ў складзе УССР. Да Савецкага Саюза былі далучаны прыбалтыйскія рэспублікі — Літва, Латвія і Эстонія. Гэты дзень у Беларусі стаў дзяржаўным святам — Днём народнага адзінства.

У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гг. СССР дабіўся важных тэрытарыяльных саступак ад Фінляндыі. Улетку 1940 г. да яго была далучана Бесарабія, якая знаходзілася ў складзе Румыніі з 1918 г.

Усе гэтыя меры значна адсунулі межы СССР на захад і садзейнічалі ўмацаванню бяспекі і ваеннай магутнасці краіны ва ўмовах непазбежнай фашысцкай пагрозы.

Асцярога савецкага кіраўніцтва не была беспадстаўнай. Гітлер рыхтаваўся да нападу на Савецкі Саюз, але не раней чым захопіць усю Еўропу і зломіць супраціўленне Вялікабрытаніі.

Пасля капітуляцыі Францыі Германія пачала маштабную вайну супраць Злучанага Каралеўства, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «бітва за Англію». Аднак агрэсару не ўдалося зламаць супраціўленне англічан. Да чэрвеня 1941 г. толькі дзве дзяржавы ў Еўропе захоўвалі поўную незалежнасць — СССР і Вялікабрытанія. Эканамічны патэнцыял кантынентальнай Еўропы быў пастаўлены на службу нацысцкай Германіі.